У Беларусі можна будзе здаць бутэлькі й батарэйкі ў краме
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
25.07.2014 13:51
Пры гандлёвых аб'ектах будуць стварацца прыёмныя пункты.
foto:flickr.pl
У Беларусі ў найбліжэйшы час можна будзе здаваць скарыстаныя тавары й тару ў гандлёвых аб'ектах. Як паведаміў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун, падрыхтаваны адпаведныя зьмены й дапаўненьні ва ўказ прэзыдэнта.
Праектам дакумэнта прадугледжваецца наданьне права ўраду вызначаць віды тавараў і тары, якія будуць абавязкова прымацца ў гандлёвых аб'ектах.
„Гэта значыць, пры гандлёвых аб'ектах будуць стварацца прыёмныя пункты. Гэта ў асноўным будуць пункты па зборы энэргазьберагальных лямп, батарэек, шкляной тары. Мы бачым, што найбольш аптымальны спосаб прыёмкі гэтых адходаў — там, дзе іх прадаюць. Можа быць і абмен на новы тавар. Думаем, што гэтая норма будзе падтрыманая й будзе ўведзеная. Гэта ў тым ліку дазволіць нам палепшыць і сытуацыю з прыёмам шкляной тары ў насельніцтва”, - лічыць Шагун.
Паводле яго слоў, у 2014 годзе дзяржзаказ на збор шкла складае 79 тыс. тон і гэта зьвязана з рэальнымі патрэбамі шкляной прамысловасьці. На яго думку, „пераход піўной прамысловасьці ад ПЭТ-тары да шкла вялікіх праблем ня выкліча”.
Ён паведаміў, што цяпер разглядаецца пытаньне пераходу на дэпазытную сыстэму пры продажы тавараў у тары.
Што да збору адпрацаваных батарэек, то гэтая работа праводзіцца з 2010 году, калі ў месцах продажу сталі ўстанаўлівацца адпаведныя кантэйнеры, адзначыў намесьнік міністра. З гэтага пэрыяду на захоўваньне было сабрана 20 тон батарэек. Пры разьвіцьці сыстэмы збору прыкладна да 100 тон ёсьць эканамічная мэтазгоднасьць адкрываць перапрацоўку адходаў у Беларусі.
Летась БНТУ правёў навуковыя й дасьледчыя работы й выбраў аптымальную тэхналёгію перапрацоўкі. Для таго каб пачаць гэтую работу, трэба павялічыць аб'ёмы збору. „Я думаю, з разьвіцьцём сыстэмы збору батарэек праз аб'екты гандлю гэта дазволіць нам перайсьці да іх перапрацоўкі на сваёй тэрыторыі, і гэта справа найбліжэйшых гадоў”, — лічыць Шагун.
Паводле яго слоў, па перапацоўцы люмінэсцэнтных лямп ёсьць дастаткова магутнасьцей, у тым ліку на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
nn.by/аз