Logo Polskiego Radia
Print

Малчанаў - зноў пад крымінальным перасьледам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.06.2014 12:55
Вязень Плошчы-2010 атрымаў адпаведны дакумэнт з Барысаўскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту.

4 чэрвеня аднавілі расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць Алеся Малчанава за абразу дзяржаўнай сымболікі. Справу пачалі 27 кастрычніка 2011 году й прыпынілі 27 сакавіка 2012 году ў сувязі зь немагчымасьцю правядзеньня сьледчых дзеяньняў.

Вязень Плошчы-2010, барысаўчанін Алесь Малчанаў атрымаў адпаведны дакумэнт з Барысаўскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту.

У ноч на 27 кастрычніка 2011 году ў доме Малчанава прайшоў ператрус, падчас якога супрацоўнікі міліцыі шукалі „забароненую” нацыянальную сымболіку. Тады канфіскавалі кампутар, а самога Аляксандра затрымалі.

Нягледзячы на тое, што міліцыя не знайшла фармальных доказаў віны Малчанава, яго арыштавалі. 27 кастрычніка суд Барысаўскага раёну асудзіў Малчанава па артыкуле 23.4 КоАП (непадпарадкаваньне законнаму загаду або патрабаваньню супрацоўнікаў міліцыі) на 10 сутак арышту.

Пасьля ў доме Малчанава быў праведзены яшчэ адзін ператрус і заведзеная крымінальная справа па артыкуле „Абраза дзяржаўных сымбаляў” (Малчанаў і яго сябар Андрэй Мікалаеўскі трапілі пад перасьлед міліцыі пасьля таго, як у цэнтры Барысава былі аблітыя фарбай дзяржаўныя сьцягі).

Аляксандар Малчанаў віны не прызнаваў, і крымінальную справу прыпынілі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт