300 чалавек падтрымалі палітвязьняў на сайце "Міжнароднай амністыі"
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Elvira Sienkiewicz
                        
                        09.05.2014 13:21
                    
                                 
                
                
                    Ужо больш як 300 чалавек "забраніравалі месцы" на віртуальным стадыёне падтрымкі палітвязьняў на сайце  "Міжнароднай амністыі".
                
                
                    
                        
Tatyana Zenkovich/EPA
                     
                
                
                
               
                
                         
 Мэдыйную кампанію "Віртуальны хакейны стадыён" праваабарончая арганізацыя 
 "Міжнародная амністыя" запусьціла напярэдадні адкрыцьця ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі. Яе мэта — заклікаць улады Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня вязьняў сумленьня Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча і Эдуарда Лобава, а таксама прыцягнуць увагу грамадзкасьці да рэпрэсіўнага беларускага заканадаўства.
Інтэрактыўны "Віртуальны хакейны стадыён", зайсьці на які можна з сайту "Міжнароднай амністыі" (www.amnesty.org), прапануе тым, хто жадае паглядзець матч па правах чалавека ў Беларусі, заняць сабе месцы побач зь Бяляцкім, Статкевічам і Лобавым, праявіўшы такім чынам салідарнасьць зь імі. Сабраныя подпісы плянуецца адправіць Аляксандру Лукашэнку.
Падчас кампаніі "Міжнародная амністыя" таксама распаўсюджвае інфармацыю аб фактах парушэньня правоў чалавека ўладамі Беларусі, у тым ліку пра нядаўнія прэвэнтыўныя затрыманьні ў Менску, а таксама пра рэпрэсіўнае заканадаўства ў сфэры грамадзянскіх правоў.
Нагадаем, паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, у выніку шэрагу прэвэнтыўных затрыманьняў напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту адбываюць 28 палітычных і грамадзкіх актывістаў. Найбольш распаўсюджаныя абвінавачваньні — дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. 
БелаПАН/эб