Logo Polskiego Radia
Print

Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.04.2014 09:28
Прадпрымальнік з Ваўкавыска, вэтэран афганскай вайны, грамадзкі актывіст правёў за кратамі больш за пяць гадоў.

51-гадовы прадпрымальнік з Ваўкавыска, вэтэран афганскай вайны, грамадзкі актывіст Мікалай Аўтуховіч вызваліўся з гарадзенскай турмы № 1 у 7 гадзін 55 хвілін 8 красавіка. Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў.

Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага 2009 года. У траўні 2010 года Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) за перавозку і захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі і прыгаварыў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму.

У турме палітзьняволенаму прапанавалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмовіўся гэта рабіць. "Маю свае погляды. І ўсё жыцьцё я ніколі іх не мяняю. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народа, не парушаў ніякіх законаў, чаму я павінен зьвяртацца з прашэньнем?" — так тлумачыў прадпрымальнік сваю пазыцыю ў адным зь лістоў на волю.

У верасьні 2013 года стала вядома, што Аўтуховіч разрэзаў сабе жывот лязом, выказваючы пратэст супраць "адкрыта зьдзеклівага стаўленьня" да яго з боку турэмнай адміністрацыі. Праваабаронцы мяркуюць, што тая наўмысна рабіла Аўтуховіча "злосным парушальнікам рэжыму", бо ў гэтым статусе яго лёгка асудзіць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) і даць яму дадатковы тэрмін, або прызначыць прэвэнтыўны нагляд пасьля вызваленьня.

Прыкладна за месяц да вызваленьня Аўтуховіч зьвярнуўся ў суд, спрабуючы абскардзіць накладзеныя на яго спагнаньні, аднак яго скарга не была задаволеная. Такім чынам, пасля вызваленьня Аўтуховіч па рашэньні суда павінен будзе знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам міліцыі на працягу аднаго года і чатырох месяцаў.

Гэта было ўжо другое крымінальнае пакараньне ваўкавыскага прадпрымальніка (Аўтуховіч заснаваў у горадзе прыватную службу таксі). Першы раз яго арыштавалі ў кастрычніку 2005 года па абвінавачаньні ў нявыплаце падаткаў і асудзілі на тры з паловай гады пазбаўленьня волі.

Вызваліўшыся першы раз, Аўтуховіч стаў адным з арганізатараў руху вэтэранаў баявых дзеяньняў "Абаронцы Айчыны".

Абодва разы праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітычным зьняволеным, асуджаным за актыўную грамадзкую дзейнасьць і барацьбу з карупцыяй. Акрамя таго, яны ўказвалі на сур'ёзныя працэсуальныя парушэньні, дапушчаныя ў судзе над прадпрымальнікам.

яс/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт