Logo Polskiego Radia
Print

Павераны ЗША Ітан Голдрыч быў выкліканы ў МЗС

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.02.2014 10:30
Амбасада Беларусі ў ЗША таксама накіравала жорсткі ліст да рэдактара тэлеканала CNN.
źr. FrankBrueck/Wikimedia Commons/CC

7 лютага ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь быў выкліканы часовы павераны ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, якому было заяўлена аб непрымальнасьці апублікаванага на сайце прыватнага амэрыканскага тэлеканала „CNN” артыкула, у якім згадваецца манумэнт „Мужнасьць” у Мэмарыяльным комплексе „Берасьцейская крэпасць-герой”.

У МЗС амэрыканскаму дыплямату паведамілі, што абразьлівы характар публікацыі выклікаў хвалю абурэньня й неразуменьня простых беларускіх грамадзян, грамадзкіх арганізацый.

У Другой сусьветнай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, і памяць пра герояў, якія загінулі ў барацьбе за свабоду краіны, для беларусаў сьвятая.

Беларускі бок адзначыў факт прабачэньняў тэлеканала CNN. Разам з тым Голдрычу была перададзена настойлівая просьба давесьці да кіраўніцтва СNN пазыцыю беларускага боку аб тым, што згадка манумэнта „Мужнасьць” у гэтым артыкуле зьяўляецца непрымальнай.

Адначасова аб гэтай пазыцыі Амбасада Беларусі ў ЗША праінфармуе кіраўніцтва Дзярждэпартамэнта. Як паведамляе сайт МЗС, раней Амбасада Беларусі ў ЗША таксама накіравала жорсткі ліст да рэдактара тэлеканала.

Нагадаем, што ўчора сайт СNN прынёс выбачэньні беларускім чытачам, а артыкул пра „самыя пачварныя помнікі ў сьвеце” быў выдалены з сайта CNN.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт