Жонка Яроменка: Уладзь ужо чакае вызваленьня
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.02.2014 11:55
Паводле Валянціны Яроменак, Уладзь ня мае пакараньняў, на ўмовы утрыманьня ён не скардзіўся.
Палітвязьня Ўладзя Яроменка, які за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду адбывае 3 месяцы зьняволеньня ў арыштным доме ў Баранавічах, наведалі жонка Валянціна й ягоная маці.
„Нам далі 2 гадзіны на сустрэчу. Выглядае ён дастаткова бадзёра, ужо чакае вызваленьня. Перадалі яму харчовую перадачу. Перадаваў усім прывітаньне”, - распавяла жонка вязьня.
Паводле Валянціны Яроменак, Уладзь ня мае пакараньняў, на ўмовы утрыманьня ён не скардзіўся. Зноў паўтарыў, што кормяць у Баранавічах лепш, чым у менскіх вязьніцах. Пра тэмпэратуру ў камэры Ўладзь Яроменак паведаміў, што там „даволі цёпла”.
24 студзеня мінула палова трохмесячнага тэрміну, які Першамайскі суд прызначыў Уладзю Яроменку ў якасьці пакараньня за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду. Паводле Валянціны Яроменак, яе муж мае выйсьці на волю 11 сакавіка. Праваабаронцы не выключаюць, што Яроменку пасьля адбыцьця пакараньня зноў прысудзяць прэвэнтыўны нагляд.
Валянціна Яроменак цяжарная, яна кажа, што нараджаць ёй праз 2 месяцы. Яроменкі чакаюць дачку.
svaboda.org/аз