Logo Polskiego Radia
Print

Цэнзура не прапусьціла ліст Статкевіча з адказам на словы Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.02.2014 16:24
Лукашэнка назваў былога кандыдата на прэзыдэнта „палітычным трупам”.

Ліст Мікалая Статкевіча з адказам на словы Лукашэнкі забрала турэмная цэнзура. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч з спасылкай на дасьведчаную крыніцу.

„Мікалай наконт гэтага пажартаваў: маўляў, я не атрымала ліст таму, што яго перадалі непасрэдна чалавеку, які прапаноўваў напісаць прашэньне аб памілаваньні”, - кажа Марына Адамовіч.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі на пытаньне пра магчымасьць вызваленьня палітвязьняў адказаў, што з боку Мікалая Статкевіча трэба спачатку напісаць прашэньне аб памілаваньні. Таксама Аляксандар Лукашэнка назваў былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча „палітычным трупам” і заявіў, што ня лічыць яго сваім супернікам на выбарах. З ранейшых лістоў Мікалая Статкевіча вядома, што ён катэгарычна адмаўляецца зьвяртацца да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Ці што зьмянілася цяпер?

„Нічога не зьмянілася, проста Мікалай заўважыў, што праблема ў звароце. Для Лукашэнкі вельмі важна, каб яго назвалі прэзыдэнтам. Жартаваў, што нават калі напіша нейкае патрабаваньне, але пазначыць, што яно адрасавана „прэзыдэнту Лукашэнку“, то гэтае патрабаваньне выканаюць”, - перадала жарт мужа Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Палітык сваёй віны не прызнаў і тлумачыў у судзе, што закліка́ў на мірны мітынг пратэсту супроць фальшаваньня выбараў.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт