БАЖ паскардзіўся Барсукову на затрыманьні журналістаў 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        24.10.2013 13:00
                    
                                 
                
                
                    Кіраўнікі БАЖ нагадалі, што за за гэты год было, як мінімум, 35 выпадкаў затрыманьня журналістаў.
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                          Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна й яе намесьнік Андрэй Бастунец 23 кастрычніка сустрэліся з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым.
Тэмай сустрэчы, якая працягвалася больш за паўгадзіны, стала масавае затрыманьне журналістаў 19 кастрычніка на чыгуначным вакзале ў Менску перад сустрэчай Паўла Севярынца.
„Мы яшчэ раз нагадалі, што ня толькі ў супрацоўнікаў міліцыі, але і ў журналістаў ёсьць свае прафэсійныя правы й абавязкі, якія заключаюцца ў тым, каб знаходзіцца непасрэдна на месцы падзеяў і фіксаваць, здымаць, занатоўваць усё, што адбываецца”,-  распавяла Жанна Літвіна.
Кіраўнікі БАЖ пазнаёмілі начальніка менскай міліцыі з вынікамі маніторынгу, паводле якога за гэты год было, як мінімум, 35 выпадкаў затрыманьня журналістаў. Чатыры зь іх скончыліся адміністратыўнымі арыштамі.
Аляксандар Барсукоў у адказ адзначыў, што ў мінулую суботу ён не знаходзіўся на месцы канфлікту, але адразу ж прыбыў туды, асабіста спраўдзіў дакумэнты ў журналістаў, пасьля чаго даў падначаленым каманду вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ.
Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, Жанна Літвіна прывяла прыклад наладжваньня ўзаемадачыненьняў міліцыі й журналістаў у суседніх краінах. У прыватнасьці, распавяла пра ўвядзеньне ў Маскве так званых „картак бясьпекі” журналістаў. Такія карткі выдаюць органы ўнутраных спраў у адпаведнасьці з мэмарандумам, які падпісалі маскоўская паліцыя й Расейскі саюз журналістаў.
svaboda.org/аз