Logo Polskiego Radia
Print

Па падазрэньні ў „мініраваньні” затрыманыя дзьве асобы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.09.2013 10:48
Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Па падазрэньні ў распаўсюджваньні пагроз аб выбуху школ у Маладэчне затрыманыя дзьве асобы.

„Зараз праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні й апэратыўна - вышуковыя мерапрыемствы”, - паведаміла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Юлія Ганчарова.

Нагадваем, раніцай 5 верасьня ў дзьве школы Маладэчна прыйшлі па пошце лісты, у якіх утрымліваліся пагрозы падарваць навучальныя ўстановы, калі на ўказаны рахунак ня будуць пералічаныя $10 тыс. Пазьней такія ж лісты прыйшлі яшчэ ў восем школ горада.

У выніку ўсе школьнікі й пэрсанал школ былі эвакуяваныя, а ў будынкі накіраваны піратэхнічныя групы ўнутраных войскаў МУС, а таксама спэцыяльнае падразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам „Алмаз”. Усе школы старанна абсьледавалі, ніякіх выбуховых прылад знойдзена не было.

Па паведамленьнях аб замініраваньні ўстаноў адукацыі горада Маладэчна Ўпраўленьнем Сьледчага камітэта Беларусі па Менскай вобласьці распачата крымінальная справа.

Дзеяньні зламысьнікаў кваліфікаваныя як загадзя ілжывае паведамленьне аб небясьпецы, што пацягнула цяжкія наступствы (ч.2 арт.340 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

БелТА/nn.by/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт