На Лябедзьку й Бузінаева завялі адміністрацыйную справу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.08.2013 12:02
Палітыкаў абвінавацілі ў нелегальным распаўсюдзе бюлетэня „Голас розуму”.
Фота: nv-online.info
Фота: nv-online.info
Лідара АГП Анатоля Лябедзьку й ягонага паплечніка з Бабруйску Віктара Бузінаева абвінавацілі ў нелегальным распаўсюдзе бюлетэня „Голас розуму”.
На затрыманых у Бабруйску Анатоля Лябедзьку й Віктара Бузінаева ў міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні й выдалі позвы зьявіцца ў міліцыю 20 жніўня.
Пра гэта паведаміў лідар АГП Анатоль Лябедзька пасьля таго, як яго адпусьцілі з пастарунку.
Палітыкаў затрымалі каля прахадной „Белшыны”, дзе цягам гадзіны яны раздавалі інфармацыйны бюлетэнь „Голас розуму”, у якім былі артыкулы пра прыватызацыю й карупцыю ў Беларусі. Яны пасьпелі раздаць больш за тысячу асобнікаў, міліцыянты сканфіскавалі 305. Але ў выходных дадзеных бюлетэня значыцца наклад у 295 асобнікаў. Вось за гэта й зачапіліся міліцыянты, абвінаваціўшы Лябедзьку й Бузінаева ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі зь несапраўднымі выходнымі зьвесткамі.
Міліцыянты пры гэтым цікавіліся, як выданьне даставілі ў Бабруйск, дзе яно выдрукавана й колькі раздалі людзям.
Нагадваем „Голас розуму“ не зарэгістраваны як СМІ, яго выдаюць прыхільнікі АГП.
Палітыкаў абвінавацілі паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу: „Парушэньне ўсталяванага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў пэрыядычных друкаваных выданьняў, распаўсюду эратычных выданьняў, апублікаваньня сродкам масавай інфармацыі абвяржэньня, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюджваньне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.
Ім пагражае штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь — ад 2 да 5 мільёнаў рублёў.
svaboda.org/аз