«Сфагнум» — гіт продажаў за травень
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
05.06.2013 16:44
Новы раман Віктара Марціновіча «Сфагнум» , рэліз якога адбыўся ў канцы траўня, ставіць рэкорды па продажах.
foto: Twice25/Wikimedia Commons
Нагадаем, што твор выйшаў у двух варыянтах — электроннай кнігай на расейскай мове (мове арыгіналу) на 34mag.net, а таксама асобным папяровым выданьнем на беларускай мове ў перакладзе Віталя Рыжкова.
Якраз «Сфагнум», апублікаваны ў выдавецтве «Кнігазбор» (сэрыя «Кнігарня пісьменьніка»), згодна са статыстыкай «Белкнігі», за апошнія тры дні месяца стаў лідарам продажаў за травень.
Крытык Ганна Янкута ў рэцэнзіі на раман «Сфагнум» адзначае: «Калі ўявіць сабе кампазыцыю „Сфагнума“ ў выглядзе шкілета, то гэта будзе адзін з самых добра складзеных і гарманічных шкілетаў, зь якімі я сутыкалася апошнім часам у беларускай літаратуры. Агульны ход падзеяў у творы вывераны добра, напружаньне дазуецца акуратна, зацягнутых эпізодаў, якія прымусілі б асабліва нецярплівага чытача пераскокваць праз абзацы, няма».
А на сайце 34mag.net паведамляецца, што замежныя выдаўцы Марціновіча ўжо празвалі гэты раман «„Карты, грошы, два ствалы“ ў беларускай правінцыі», зьмясьціўшы яго ў нішу «гангстарскай камэдыі».
Так ці іначай, але скласьці ўласнае меркаваньне можна толькі прачытаўшы кнігу. Выданьні сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» можна знайсьці ў крамах па ўсёй Беларусі. Цікаўцеся!
Прэс-служба СБП/nn.by/эб