«Гародня. 50 год без Фары Вітаўта»
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
23.05.2013 14:06
Прэзэнтацыя кнігі — увечары 23 траўня ў Горадні.
Сёньня ўвечары ў Горадні адбудзецца прэзэнтацыя мультымэдыйнага выданьня «Гародня. 50 год без Фары Вітаўта», якое пабачыла сьвет у кніжнай сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка». Увазе гарадзенцаў будуць прадстаўленыя каляровая брашура і дыск, дзе зьмешчаныя ўнікальныя здымкі славутага храму, яго гісторыя і зьнішчэньне, успаміны гарадзенцаў, а таксама грунтоўныя дасьледваньні беларускіх і летувіскіх гісторыкаў.
Больш як 50 гадоў таму ў 1961 годзе ў Горадні камуністамі быў зруйнаваны адзін з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў нашага краю - Фара Вітаўта. Шасьцісотгадовая гісторыя касьцёлу непарыўна зьвязаная з гісторыяй гораду. Сьвятыня, якая перажыла пажары, варожыя навалы ды ваяўнічы атэізм, стала ахвярай гарадзенскіх уладаў.
Пасьля прэзэнтацыі заплянаваная дыскусія «Эўрапейская архітэктурная спадчына Беларусі ў ідэалягічных войнах ХХ-ХХI ст. Расейскае, савецкае стаўленьне да архітэктурнай традыцыі беларусаў».
Удзел у дыскусіі возьмуць гісторыкі-ўкладальнікі дыску й брашуры «Гародня. 50 год без Фары Вітаўта», а таксама мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Горадня, вул. Будзённага 48а (заля ва ўнутраным дворыку). Пачатак а 18:30. Уваход вольны.
nn.by/эб