Вербная нядзеля ў праваслаўных
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.04.2013 11:07
Праваслаўныя вернікі сёньня сьвяткуюць Уваход Гасподні ў Ерусалім, або Вербную нядзелю.
За тыдзень да Вялікадня, у апошнюю нядзелю Вялікага посту, праваслаўныя сьвяткуюць ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерусалім напярэдадні сваіх пакут. У гэты дзень больш за дзьве тысячы гадоў таму назад, у Ерусаліме габрэі, якія прыйшлі на сьвята Пасхі, сустрэлі Езуса як месію, прарока й вялікага цудатворца, таму што незадоўга да гэтага ён уваскрэсіў мёртвага Лазара. Дарослыя й дзеці высьцілалі дарогу сваёй вопраткай і пальмавымі галінамі, ўсклікаючы "Гасанна, сыну Давідаваму!". Галіны палестынскай пальмы цяпер замяніла вярба, адсюль і назва - Вербная нядзеля, або Вербніца.
У Вербную нядзелю вернікі сьвенцяць у храме галінкі вярбы. Асьвенчаныя веткі прынята захоўваць увесь год як крыніцу цудатворнай сілы. Па народным павер'і, вярбе прыпісвалася магічная сіла ўплываць на ураджай палёў і лугоў. Лічылася таксама, што вярба валодае здольнасьцю надзяляць здароўем і энэргіяй людзей і быдла, абараняць іх ад захворваньняў і нячыстай сілы. Вярбе прыпісвалася таксама сіла ахоўваць хаты ад пажараў, нівы - ад граду, спыняць буру, распазнаваць ведзьмакоў і ведзьмаў, выяўляць скарбы. Коцікі вярбы давалі ёсьць бясплодным жанчынам.
Агульнараспаўсюджаным ў народзе быў звычай зьлёгку біць адзін аднаго вярбой. Пост у Вербную нядзелю паслабляецца - дазваляецца рыба.
яс/БелТА