Эўрадэпутат Ю. Палецкіс зь візытам у Менску
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
19.03.2013 09:13
У Менск зь візытам прыбыў дакладчык дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс.
З 18 па 21 сакавіка праходзіць візыт у Менск дакладчыка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі, намесьніка кіраўніка дэлегацыі ЭП па сувязях зь Беларусьсю 71-гадовага Юстаса Палецкіса (Летува). Па выніках візыту палітык падрыхтуе даклад аб стане спраў у адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Учора, у першы дзень візыту Палецкіс сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, кіраўніком Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргеем Калякіным і сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталем Рымашэўскім.
В. Рымашэўскі паведаміў, што падчас ягонай гутаркі з Палецкісам размова ішла пра фармат адносінаў Эўразьвязу й Беларусі, "наколькі магчыма разьвіваць дыялёг пры выпрацоўцы новай стратэгіі ЭЗ". Паводле Рымашэўскага, ЭЗ чакае ад беларускіх уладаў ня толькі слоў, але і канкрэтных крокаў па збліжэньні.
У сваю чаргу сустаршыня аргкамітэту БХД заявіў парлямэнтару, што размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам можна толькі з пазыцыі сілы і ЭЗ ні ў якім выпадку не павінен здаваць абвешчаных раней пазыцый: вызваленьне і рэабілітацыя палітзьняволеных, правядзеньне свабодных выбараў і г.д.
Рымашэўскі таксама заявіў Палецкісу, што галоўнай пагрозай сувэрэнітэту краіны зьяўляецца не магчымая скупка Расіяй айчынных прадпрыемстваў, а неканкурэнтаздольнасьць усёй беларускай сыстэмы — у эканоміцы, палітыцы, вайсковай і іншых сфэрах.
На 19 сакавіка і далейшыя дні візыту ў эўрадэпутата заплянаваныя сустрэчы з пасламі краін ЭЗ, беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі, эканамістамі ды праваабаронцамі.
БелаПАН/эб