Logo Polskiego Radia
Print

Інфармацыя пра тавар па тэлефоне

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 18.03.2013 07:19
Сфатаграфаўшы штрых-код, на мабільнік можна будзе атрымаць інфармацыю пра тавар.

/


Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі распрацаваная праграма, якая дазваляе па штрых-кодзе выводзіць інфармацыю пра тавар на экран мабільнага тэлефону. Праграма падыходзіць для тэлефонаў з фотакамэрай і апэрацыйнай сыстэмай Android.

«Праграма скануе штрых-код і выводзіць на экран функцыянальнае найменьне тавару, яго разнавіднасьць, вытворцу, інфармацыю пра сэртыфікат адпаведнасьці й гігіенічны сэртыфікат», — патлумачыў начальнік упраўленьня электронных рэсурсаў НАН Беларусі Яўген Якушкін. У будучыні, адзначыў навуковец, плянуецца ўвесьці таксама парамэтры тэрміну прыгоднасьці і легальнасьці ўвозу тавару ў краіну.

Цяпер у банку электронных пашпартоў тавараў зарэгістравана больш як 8 млн. тавараў, амаль усе яны беларускай вытворчасьці. Аднак стваральнікі рэсурсу вядуць перамовы з імпартэрамі замежных тавараў. Гэтыя тавары правяраюцца пры дапамозе інфармацыі, разьмешчанай на сайтах Дзяржстандарту ды Міністэрства аховы здароўя. Акрамя таго, спэцыяльная сыстэма сочыць за тым, каб адзін і той жа тавар ня быў зарэгістраваны двойчы.

Інфармацыя пра тавар падаецца яго вытворцам (іх на рэсурсе ўжо зарэгістравана больш за 4 тысячы) або імпартэрам. Прычым, падкрэсьліў Якушкін, прадпрыемства рэгіструе тавар яшчэ да яго зьяўленьня на рынку.

БелаПАН/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт