Logo Polskiego Radia
Print

Прэзэнтуецца ўнікальны абраз 18 ст.

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 06.03.2013 11:59
Двухбаковы абраз ХVІІІ стагодзьдзя ўпершыню прэзэнтаваны гледачам пасьля рэстаўрацыі.

4 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзэнтацыя ўнікальнага двухбаковага вынаснога абраза (фератрона) ХVІІІ стагодзьдзя з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музэя Рэспублікі Беларусь.

Фератрон – у каталіцкіх і ўніяцкіх храмах вынасны абраз або скульптура, якія выкарыстоўваліся падчас працэсій. Жывапісныя выявы ў фератроне разьмяшчаліся з абодвух бакоў, як правіла, у прыгожа аздобленым разьбяным картушы, які мацаваўся на спэцыяльным невысокім століку. Акрамя сваёй “працэсійнай” функцыі, у храме фератрон выконваў ролю бакавога алтара. Гэта, а таксама багатая разьбяная аздоба адрозьніваюць яго ад вынасных абразоў праваслаўных цэркваў. Звычайна адна з выяваў фератрона прадстаўляла Маці Божую, а другая адпавядала вобразу сьвятога або біблейскаму сюжэту, у гонар якога быў асьвечаны храм.

На паказаным у музэі фератроне да драўлянага разьбянога картуша з аднаго боку прымацавана жывапісная, напісаная на палатне алейнымі фарбамі, выява Хрыста, з другога – Маці Божай Ружанцовай з укленчанымі перад ёй сьвятымі Дамінікам і Розай Лімскай. Апошнія, у адпаведнасьці з прынятай іканаграфіяй, прадстаўлены ў чорна-белай вопратцы дамініканаў.

У збор Нацыянальнага гістарычнага музэя фератрон патрапіў у 1971 годзе ў выніку экспэдыцыі. Аднак з-за дрэннага стану ніколі не экспанаваўся. У 2012 годзе дзякуючы калектыву рэстаўратараў ААТ “Белрэстаўрацыя” на чале з Уладзімірам Нікіціным ён атрымаў другое жыцьцё. Дадзены помнік гісторыі, культуры й мастацтва паказаны наведвальнікам музэя ўпершыню.

Нац. гістарычны музэй/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт