А.Тозік: у Беларусі беспрацоўе адсутнічае
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.12.2012 15:44
Калі нехта адмаўляецца ад прапановаў, то яго нельга лічыць беспрацоўным, - кажа віцэ-прэм'ер.
У Беларусі практычна адсутнічае беспрацоўе. Колькасьць вакансій значна перавышае колькасьць беспрацоўных. Аб гэтым заявіў сёньня намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы на сумесным паседжаньні дзьвюх палат парлямэнта.
Паводле слоў Анатоля Тозіка, сытуацыя на рынку працы ў Беларусі характарызуецца павелічэньнем попыту на рабочую сілу й зьніжэньнем колькасьці беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку. У органах па працы, занятасьці й сацабароне на 1 сьнежня бягучага года зарэгістравана 26 тыс. беспрацоўных. На гэту дату наймальнікамі заяўлена 68 тыс. вакантных рабочых месцаў. Пры гэтым больш як па 30 вакансіях заработная плата перавышае 4 млн. рублёў.
„У Беларусі не існуе беспрацоўя як зьявы. Любы жадаючы працаваць можа атрымаць такую магчымасьць, - падкрэсьліў Тозік. - Калі непрацуючы, маючы спэцыяльнасьць, на працягу двух гадоў адмаўляецца ад 30 прапаноў як непадыходзячых, яго нельга лічыць беспрацоўным".
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі важна знайсьці разумны кампраміс паміж забесьпячэньнем максымальна высокай занятасьці й скарачэньнем збытку працы.
„Неабходна ісьці па шляху далейшага павышэньня мабільнасьці працоўных рэсурсаў на ўнутраным рынку працы, стварэньня для гэтага адпаведных умоў. Гэтаму будзе садзейнічаць рэзкае павелічэньне будаўніцтва арэнднага жыльля", - сказаў віцэ-прэм'ер.
belta.by/аз