У КДБ прынялі перадачу для Сурапіна
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.07.2012 13:46
10 сутак утрыманьня Антона пад вартай скончацца ў панядзелак.
Раніцай 20 ліпеня ў маці Антона, якая сёньня прыехала ў Менск са Слуцку, нарэшце прынялі перадачу для яе сына.
Папярэднія дзьве спробы перадачы пасылкі не пашанцавалі - у аўторак у КДБ сказалі, што „непрыёмны дзень”, а ў сераду заявілі, што прымуць перадачу толькі ад блізкіх сваякоў.
20-гадовага Антона Сурапіна, навучэнца 4 курса Інстытуту журналістыкі БДУ, затрымалі раніцай 13 ліпеня пасьля ператрусу ў яго кватэры. У той жа вечар сьледчы КДБ паведаміў Алене Сурапінай, што яе сына затрымалі на 72 гадзіны.
Пасьля заканчэньня гэтага тэрміну да журналіста прымянілі меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай на 10 сутак.
Першы допыт журналіста адбыўся 16 ліпеня. 17 ліпеня дзяжурны адвакат, які прысутнічаў на першым допыце, сказаў бацькам Антона, што іх сын затрыманы ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы РБ, зьдзейсьненым арганізаванай групай асобаў (арт. 371 ч.3 КК РБ). Гаворка ідзе пра швэдзкі дэсант плюшавых мядзьвэдзікаў 4 ліпеня.
10 сутак утрыманьня Антона пад вартай скончацца ў панядзелак. Пасьля гэтага яму мусяць альбо прад’явіць абвінавачаньне, альбо адпусьціць на волю.
БАЖ/аз