Logo Polskiego Radia
Print

Чаму ў Беларусі няма прыватных ЖЭСаў?

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 16.10.2013 19:35
  • ЖЭС.mp3
Ва ўсёй Эўропе прыватныя ЖЭСы добра спраўляюцца са сваёй задачай.

Жыцьцё прыватных ЖЭСаў, якіх і без таго ў Беларусі вельмі мала, моцна ўскладніцца. Недзяржаўным арганізацыям забаранілі кіраваць жыльлёвым фондам і яны ня змогуць працаваць у ранейшым рэжыме, а таварыствы ўласьнікаў пазбавяцца сродкаў на існаваньне. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Як зазначае “Белсат”, гэта дзіўнае супадзеньне: у канцы мінулага тыдня ў Менску адбылася канфэрэнцыя на тэму бізнэсу ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. А за дзень да яе Лукашэнка падпісаў указ, які зрабіў такі бізнэс немагчымым. Пры тым, што 99% дамоў цяпер абслугоўваюць дзяржаўныя ЖЭСы. У Беларусі прыватных ЖЭСаў на ўсю краіну менш за дваццаць. Паводле спэцыялістаў, іх работнікі рабілі сваю справу за «голы» заробак і не атрымлівалі ніякага прыбытку.
Ва ўсёй Эўропе прыватныя ЖЭСы добра спраўляюцца са сваёй задачай. Напрыклад, у той жа Польшчы. Прычым гэта таксама выгадна жыхарам. Схема выглядае наступным чынам: жыхары ствараюць таварыства, якое выбірае праўленьне, а праўленьне выбірае фірму, якая зоймецца рамонтамі, прыбіраньнем, эксплюатацыяй будынкаў ды, напрыклад, будзе дбаць пра зялёныя зоны. Фірма працуе за грошы зь бюджэту, які ствараецца за кошт узносаў жыхароў. У выпадку, калі прыватны ЖЭС не спраўляецца з пастаўленымі задачамі, жыхары дома ці раёна могуць адмовіцца ад паслуг ды выбраць іншую кампанію. Дык чаму такая сыстэма ня можа працаваць у Беларусі? Паводле эканаміста Леаніда Заікі, прычын – некалькі. Першая заключаецца ў тым, што дзяржава неахвотна дапускае прыватны бізнэс у пэўныя галіны эканомікі. Другая – гэта рэгуляваныя дзяржавай стаўкі за камунальныя паслугі. За гэтыя ўзносы ніводзін прыватны ЖЭС ня змог бы ўтрымацца, ня то што працаваць, кажа спэцыяліст.
Адным словам, прыватызацыя жыльлёва-камунальных паслуг пакуль не прадбачыцца. А шкада, бо калі б на рынку была канкурэнцыя, то жыхары ня мусілі б чакаць, калі ў пад’езьдзе парамантуюць дзьверы ці ўкруцяць лямпачку, як гэта часта здараецца ў беларускіх шматкватэрных дамах.

Валеры Саўко

размова з эканамістам у далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт