Logo Polskiego Radia
Print

Менскія дачнікі пратэстуюць супраць будаўніцтва хімзавода

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.04.2012 12:45
Завод пад Бараўлянамі павінны выпускаць ахаладжальную вадкасьць і хімічныя рэагенты.

Фота:
Фота: ilimgroup.ru

Жыхары катэджных пасёлкаў пад Менскам супраціўляюцца будаўніцтву завода па вытворчасьці хімічных сродкаў. Прадпрыемства павінна быць збудаванае паміж вёскамі Дроздава й Малінаўка ў Бараўлянскім сельсавеце – інфармуе газэта “Наша Ніва”.

Жыхары катэджаў куплялі свае надзелы зямлі за 50-70 тысячаў даляраў, каб жыць у экалягічна чыстым асяродзьдзі. Натуральна, пляны збудаваць завод па выпуску ахаладжальнай вадкасьці для аўтамабіляў ды хімічных рэагентаў выклікалі востры пратэст.

Згодна з плянам разьвіцьця прыгараднай зоны Менску, будаўніцтва хімічных прадпрыемстваў у гэтым месцы забаронена – зазначаюць жыхары Дроздава. Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ўсе экалягічныя нормы будуць вытрыманыя і ніякай шкоды завод не прынясе. Жыхары вёсак ўсё роўна не разумеюць сэнсу будаўніцтва прадпрыемства ды сьцьвярджаюць, што продаж зямлі пад катэджы ў гэтым месцы прынёс бы большы прыбытак.

21 красавіка жыхары катэджных пасёлкаў зьбіраюцца правесьці сход супраць будаўніцтва хімзавода.

“Наша Ніва”/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт