Logo Polskiego Radia
Print

Былому палітвязьню Малчанаву далі 1,5 году турмы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.04.2012 12:42
Яго асудзілі за "крадзеж" мэталалому з закінутага заводу.

Фота:
Фота: Радыё Свабода

Судзьдзя Іван Грыневіч асудзіў былога палітзьняволенага Аляксандра Малчанава на паўтара году калёніі строгага рэжыму – перадае Радыё Свабода. Яго сябру Арцёму Ігнацікаву далі таксама паўтара году пазбаўленьня волі, але з адтэрміноўкай на адзін год.

Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі. Адвакаты паведамілі, што будуць абскарджваць прысуд, бо лічаць яго жорсткім і несправядлівым.

Аляксандра Малчанава й Арцёма Ігнацікава абвінавацілі ў тым, што яны ўкралі мэталалом з тэрыторыі жодзінскага заводу цяжкіх штамповак. Пасьля таго, як Аляксандра Малчанава асудзілі за ўдзел у маніфэстацыі 19 сьнежня, ён нікуды ня мог уладкавацца на працу й збор мэталалома быў для яго адзіным сродкам здабыць грошы – тлумачаць праваабаронцы.

На рашэньне суду не паўплывала тое, што тэрыторыя заводу была закінутая й не ахоўвалася, мэталічныя дэталі былі фактычна сьмецьцем, а абвінавачаныя кампэнсавалі заводу страты, якія склалі 737 тысячаў рублёў.

23-гадовы Аляксандар Малчанаў быў асуджаны на 3 гады за тое, што 19 сьнежня 2010 году сарваў афіцыйны сьцяг з будынку КДБ. Паўгоду таму ён быў памілаваны ўказам Лукашэнкі. Да 19 сьнежня хлопец працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, заводзе "Гідраўзмацняльнік", БАТЭ, вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.

Радыё Свабода/БелаПАН/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт