Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусь не ўпусьцілі скандынаваў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.12.2011 06:13
  • ПЭН-Клюб.mp3
Са скандынаваў узялі 360 эўра за візы -- загадзя ведаючы, што візы не дадуць.(Абноўлена)

Мы ўжо паведамлялі, што ў ноч зь нядзелі на панядзелак у Беларусь не пусьцілі 4-х прадстаўнікоў Нарвэскага і Дацкага ПЭН-цэнтру. Са скандынаваў узялі 360 эўра за візы -- загадзя ведаючы, што візы не дадуць. А потым пакінулі бязь ежы й пітва спаць у аэрапорце ў чаканьні дэпартацыі.

Гісторыя з тым, як у Беларусь не пусьцілі 4 чальцоў Нарвэскага й Дацкага ПЭН-цэнтраў, атрымала міжнародны розгалас – пра яе напісалі ўсе буйныя Нарвэскія СМІ, інфармацыя пайшла на польскія ды расейскія сайты. Падрабязнасьці гэтай гісторыі мы высьвятлялі ў намесьніцы старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Марыйкі Мартысевіч.

Марыйка, скажыце, калі ласка, як адрэагаваў на гэты інцыдэнт беларускі ПЭН-цэнтр?

Марыйка Мартысевіч: Зь непаразуменьнем, са зьдзіўленьнем. Калі шчыра, мы ня ведалі нюансаў, якім чынам нашыя госьці прылятуць у Беларусь. Мне чамусьці здавалася, што яны ўжо маюць візы. Той факт, што ім ня выдалі візы на мяжы, быў для мяне нечаканым. У Беларусі зараз сумная тэндэнцыя пераўтвараць краіну ў вялікую “пацёмкінскую вёску” – толькі ўлада мае права вырашаць, што пабачаць замежныя журналісты й пісьменьнікі, а што не пабачаць. Узгадаем прыкры выпадак з арыштам Зьмітра Кенарава ўлетку, калі хлопца трымалі пяць дзён у ізалятары за тое, што згубіў пашпарт, а потым дэпартавалі. Прычым дэпартавалі за ягоныя ж грошы – ён меў квіток на той самы самалёт, якім яго адправілі… Што тычыцца гэтага інцыдэнту, мяне больш за ўсё засмуціла само абыходжаньне зь людзьмі: па-першае, ім нічога не тлумачылі, па-другое, у аэрапорце няма элемэнтарна кавярні, каб начны транзітны пасажыр мог за свой кошт паесьці.

У іх не было такой магчымасьці?

Марыйка Мартысевіч: Яны сядзелі ў транзытнай зоне бязь ежы й пітва пад аховаю жанчыны. Нават лекі аднаму зь іх не далі запіць. Два чалавекі змаглі зьляцець адным ранішнім рэйсам, а яшчэ двух трымалі ў Менску да абеду панядзелка. Мала інфармацыі, як зь імі абыходзіліся, яны кажуць, што кепска. Канешне, яны вельмі незадаволеныя.

Атрымоўваецца, візы не далі, а грошы за візы ўзялі?

Марыйка Мартысевіч: Так, 90 эўра з чалавека – агулам 360 з чатырох. У Нарвэгіі й Даніі няма амбасадаў Беларусі, таму яны маюць права на атрыманьне візы на мяжы. Гэтыя грошы звычайна здымаюцца за афармленьне дакумэнтаў, а тут візы не далі. Па-мойму, было загадзя вядома, што візы ня будзе, няясна, на што бралі консульскі збор.

А што гэта за вусьцішная гісторыя, што нават не далі запіць лекі?

Марыйка Мартысевіч: У аднаго з гасьцей здарыліся праблемы з сэрцам, і яму трэба было выпіць лекі. Ахоўніца банальна не зразумела, што трэба прынесьці вады, і выклікала доктара. Тое, што адбывалася потым, ужо ніхто ніколі не перакладзе. Там была фантасмагарычная сцэна непаразуменьня.

Якія сустрэчы зь Беларускім ПЭН-цэнтрам плянаваліся ў іх тут?

Марыйка Мартысевіч: Яны хацелі пагутарыць зь беларускімі дзеячамі культуры, пісьменьнікамі пра сытуацыю ў літаратуры, у грамадзтве. У дэлегацыі быў адзін з выдаўцоў, яму было цікава паглядзець, як разьвіваецца кніжны бізнэс ва ўмовах, калі падатак на кніжкую справу неймаверна высокі.

Як Вы думаеце, гэты прыкры выпадак даў уражаньне скандынавам пра нашую краіну ці дзяржаву?

Марыйка Мартысевіч: Зразумела, што выкінула іх не краіна, а дзяржава з шасьцяронкамі, але ў гэтым выпадку зубчыкамі шасьцяронкі апынуліся простыя людзі.

Марыйка Мартысевіч, намесьніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра камэнтавала нам сытуацыю з выгнаньнем зь Беларусі чатырох нарвэскіх і дацкіх літаратараў.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт