У Сувалках аднаўляюць полк Польскай арміі, які быў ліквідаваны восем гадоў таму
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
08.07.2019 08:02
Сто салдат Арміі тэрытарыяльнай абароны ў нядзелю прынесьлі прысягу ў Сувалках, блізу гэтак званага Сувалкскага калідора.
Wikimedia Commons/http://www.mon.gov.pl/Robert Suchy
Сто салдат Арміі тэрытарыяльнай абароны ў нядзелю прынесьлі прысягу ў Сувалках, блізу гэтак званага Сувалкскага калідора.
Прысяга добраахвотнікаў 1-й Падляскай брыгады па тэрытарыяльнай абароне адбылася на плошчы Юзафа Пілсудскага ў Сувалках. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і органаў мясцовага самакіраваньня, а таксама сваякі салдат. 68 адсоткаў новых салдат ва ўзросьце 18-24 гады. Старэйшаму, які прынёс прысягу, 48 гадоў.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Яраслаў Зялінскі (Jarosław Zeliński) нагадаў, што восеньню мінулага года міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прыняў рашэньне аб аднаўленьні ў Сувалках палка Польскай арміі, які быў ліквідаваны восем гадоў таму.
- У Сувалках мы павінны мець войска. Тут жа Сувалкскі калідор, які камандаваньне НАТА лічыць месцам асаблівай пагрозы, – заявіў Яраслаў Зялінскі.
Сувалкскі калідор ахоплівае Сувалкі, Аўгустаў і Сэйны. Калідор зьяўляецца злучэньнем тэрыторыі краін Балтыі з Польшчай і астатнімі краінамі НАТА і разьмяжоўвае тэрыторыю Калінінградзкай вобласьці і Беларусі. Паводле амэрыканскай арміі, гэты рэгіён патэнцыйна зьяўляецца адной з найбольш гарачых кропак у Эўропе.
Армія тэрытарыяльнай абароны – гэта пяты від узброеных польскіх сіл – побач з сухапутнымі войскамі, ВПС, ВМС і спэцназам. Армія тэрытарыяльнай абароны павінна цесна супрацоўнічаць з апэратыўнымі сіламі, і яе задача заключаецца ў абароне і падтрымцы мясцовага насельніцтва. Асноўныя задачы гэтага віду войска ў мірны час - уключаюць процідзеяньне і барацьбу з наступствамі стыхійных бедзтваў. Фарміраваньне войскаў тэрытарыяльнай абароны пачалося ў 2017 годзе.
яс