Logo Polskiego Radia
Print

У Менску адкрыліся ІІ Эўрапейскія гульні

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.06.2019 08:03
Сталіца Беларусі раней ніколі не прымала такой значнай спартыўнай падзеі.
У Менску адкрыліся ІІ Эўрапейскія гульні.У Менску адкрыліся ІІ Эўрапейскія гульні.PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH


У Менску адкрыліся ІІ Эўрапейскія гульні. Яркая й маляўнічая цырымонія адкрыцьця мерапрыемства прайшла ўчора ўвечары на сталічным стадыёне „Дынама”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Над правядзеньнем цырымоніі працавала міжнародная рэжысэрская група. На галоўнай арэне маштабнага культурна-спартыўнага шоу выступілі, між іншым, сусьветна вядомая опэрная сьпявачка Ганна Нятрэбка й папулярны сьпявак Дзімаш Кудайберген з Казахстана.

Адной з галоўных падзеяў цырымоніі стала запальваньне агню ІІ Эўрапейскіх гульняў. Эстафета „Полымя міру” стартавала 3 траўня ў Рыме й за 50 дзён пераадолела больш за 7 тыс. км. Факель гульняў на шляху ў Менск быў падняты на вышэйшую кропку Эўропы гару Манблян.

„Полымя міру” сустракалі ў Славеніі, Аўстрыі, Вугоршчыне, Чэхіі, Славаччыне й Польшчы. У Беларусі агонь пабываў у Брэсцкай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Менскай абласьцях.

У маштабным спартыўным форуме прымуць удзел 4 тыс. атлетаў з 50 краін кантынэнта. Спаборніцтвы па 15 відах спорту змогуць убачыць больш за 500 млн тэлегледачоў.

Сталіца Беларусі раней ніколі не прымала такой значнай спартыўнай падзеі. За перапетыямі барацьбы на спартыўных пляцоўках будуць сачыць ня толькі ў Эўропе, але і ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі.

Для Беларусі ІІ Эўрапейскія гульні - значная ня толькі спартыўная, але й культурная падзея. Выставы вядомых беларускіх мастакоў, музычныя шоу, паказальныя выступленьні ў Верхнім горадзе - усё гэта змогуць убачыць удзельнікі й балельшчыкі форуму.

Заплянавана больш за 50 культурных мерапрыемстваў, прысьвечаных гульням. Арганізатары пастараліся за 2,5 году зрабіць усё, каб госьці й жыхары беларускай сталіцы ў наступныя дзесяць спаборніцкіх дзён змаглі атрымаць яркія й незабыўныя эмоцыі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт