Logo Polskiego Radia
Print

Расея й Беларусь зблізілі свае пазыцыі па актуалізацыі Саюзнага дагавора

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.06.2019 09:11
Мядзьведзеў: У працэнтах гэта ацэньваць складана, але тое, што пазыцыі зьбліжаюцца, гэта, сапраўды.
Перамовы прэм'ер-міністраў Дзьмітрыя Мядзьведзева й Сяргея Румаса.Перамовы прэм'ер-міністраў Дзьмітрыя Мядзьведзева й Сяргея Румаса.PAP/EPA/DMITRY ASTAKHOV / SPUTNIK / GOVERNMENT PRESS SERVICE POOL

Расея й Беларусь зблізілі свае пазыцыі, працуючы над актуалізацыяй Дагавора аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Пра гэта прэм'ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў 21 чэрвеня на расейска-беларускіх перамовах у пашыраным складзе, паведамляе агенцтва БелаПАН.

„Калегі <...> узмоцнена працавалі пасьля 24 траўня — нашай сустрэчы ў Маскве па пытаньнях паглыбленьня інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, — прыводзіць словы Мядзьведзева ТАСС. — У працэнтах гэта ацэньваць складана, але тое, што пазыцыі збліжаюцца, гэта, сапраўды, так”.

Прэм'ер-міністар Расеі адзначыў, што была праведзена работа па збліжэньні пунктаў гледжаньня бакоў на інтэграцыйныя працэсы. „Вы тады сказалі, што ў нас на 70% супадаюць пазыцыі, высока паднялі плянку. Пасьля гэтага ўжо мае таварышы па ўраду гэтую плянку яшчэ вышэй задралі”, — адзначыў ён. Расейскі прэм'ер падкрэсьліў, што падчас перамоў у Менску неабходна „прайсьціся па ўсіх пытаньнях, якія застаюцца”.

„Па нейкіх, па якіх гэта магчыма, прама цяпер вызначыцца, нейкія адкласьці на іншыя кансультацыі”, — адзначыў расейскі прэм'ер.

У канцы 2018 году расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі й Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У сьнежні Лукашэнка й Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэньні рабочых груп „для вырашэньня пытаньняў у рамках далейшай інтэграцыі дзьвюх краін”.

24 траўня ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Дзьмітрыя Мядзьведзева й Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўлена задача выразна пазначыць адрозьненьні ў пазыцыях Беларусі й Расеі па інтэграцыі.

Пуцін і Лукашэнка 14 чэрвеня ў Бішкеку, у ходзе саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дамовіліся найбліжэйшым часам правесьці двухбаковыя перамовы.

15 чэрвеня міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін па выніках сустрэчы з міністрам эканомікі Беларусі Дзьмітрыем Крутым у Маскве паведаміў, што бакі ўзгаднілі каля 90% праграмы па паглыбленай інтэграцыі дзьвюх краін.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка паведаміў журналістам 17 чэрвеня ў Менску, што ўрадам Беларусі й Расеі даручана прадставіць прапрацаваныя прапановы аб інтэграцыі да 25 чэрвеня.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт