Рашэньні ўрада РФ па фінансавых узаемаадносінах з Беларусьсю могуць быць прынятыя пасьля ўзгадненьня бачаньня далейшай інтэграцыі з Расеяй, паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер РФ, міністар фінансаў Антон Сілуанаў у кулюарах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на ТАСС.
„Мы дамовіліся зь Беларусьсю, што нам неабходна прымаць комплексныя рашэньні, якія б тычыліся бачаньня нашай далейшай інтэграцыі ў частцы саюзнай дамовы. Тады мы будзем разумець і арбіту нашых фінансавых узаемаадносінаў”, — сказаў Сілуанаў.
Ён растлумачыў, што раней вырашэньня пытаньня зь інтэграцыяй ня мае сэнсу „выдзіраць” пытаньні кампэнсацыі за страты ад падатковага манэўра або пытаньні крэдытаваньня краіны.
„Усё гэта трэба глядзець у комплексе, у частцы таго, як мы будзем рухацца па інтэграцыі ў частцы тых мерапрыемстваў, якія ўтрымліваюцца ў саюзным дагаворы. Сёньня мы спрабуем абнавіць яго, каб мы бачылі разуменьне нашай дарожнай карты”, — сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Варта адзначыць, што Беларусь чакае канчатковага рашэньня Расеі аб выдзяленьні крэдыту на 600 млн даляраў для рэфінансаваньня існага перад РФ доўгу. „Мы ведаем, што ў бюджэце Расейскай Фэдэрацыі на гэты год гэтыя сродкі закладзеныя, застаецца рашэньне аб іх даваньні”, — заявіў журналістам 16 траўня ў Менску намесьнік міністра фінансаў Андрэй Белкавец. Паводле яго слоў, расейскі бок пакуль не падаў беларускаму праект пагадненьня па гэтым запазычаньні.
Белкавец падкрэсьліў, што ў якасьці альтэрнатывы расейскаму крэдыту дзяржорганы разглядаюць магчымасьць прыцягненьня незьвязанага запазычаньня ў Кітаі на 500—600 млн даляраў.
Тэрміны разгляду пытаньня аб выдзяленьні Беларусі сёмага траншу крэдыту Эўразійскай фонду стабілізацыі й разьвіцьця таксама зацягваюцца. У 2016—2018 гадах краіна атрымала шэсьць траншаў крэдыту на 1,8 млрд даляраў. Апошні, сёмы, транш (на 200 млн даляраў) беларускія ўлады разьлічвалі атрымаць у першым квартале 2019 году.
Акрамя гэтага, у падвешаным стане застаецца пытаньне магчымай кампэнсацыі па падатковым манэўры. З-за яго рэалізацыі ў нафтавай галіне Расеі страты Беларусі ў 2019—2024 гадах могуць скласьці больш за 10 млрд даляраў.
аз