Logo Polskiego Radia
Print

„Паляпшэньня ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.06.2019 08:11
Гаворыцца ў справаздачы спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.
pixabay.com/Public Domain CC0


За мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, аднак былі некаторыя пазытыўныя зьмены. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, які яна прэзэнтуе на летняй сэсіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэнэве, паведамляе БелаПАН.

Даклад, тэкст якога апублікаваны на сайце СПЧ, ахоплівае пэрыяд з 1 траўня 2018-га па 31 сакавіка 2019 году.

Марын падкрэсьлівае: ўрад Беларусі па-ранейшаму не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН, што абмежавала яе магчымасьці канструктыўнага ўзаемадзеяньня з уладамі. Яна заклікае Менск перагледзець пазыцыю ў дачыненьні да мандата спэцдакладчыка.

„На падставе сабранай інфармацыі спэцыяльны дакладчык ня можа засьведчыць важных паляпшэньняў у сфэры выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — Напрыклад, працягваецца прымяненьне сьмяротнага пакараньня, няма прагрэсу ў папярэджаньні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, хоць у папярэднія гады было зробленае шмат рэкамэндацый (па паляпшэньні сытуацыі па гэтых пытаньнях. — БелаПАН.)".

У якасьці пазытыўных зьмен Марын адзначае дэкрыміналізацыю артыкула 193.1 КК (дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый) і ўнясеньне ў закон аб масавых мерапрыемствах паправак, якія ўвялі паведамляльны (нароўні з заяўным) прынцып правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Пры гэтым спэцдакладчык падкрэсьлівае, што гэтыя зьмены толькі часткова ўлічваюць рэкамэндацыі праваабаронцаў. Так, адзначаецца ў справаздачы, адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі пераведзеная з крымінальнай у адміністрацыйную плоскасьць, а працэдура паведамленьня магчымая толькі для тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў спэцыяльна адведзеных для гэтага месцах. „Гэта невялікія крокі, якія хоць і ідуць у правільным кірунку, але яшчэ ня сьведчаць пра рэальныя зьмены ў палітыцы ўладаў”, - гаворыцца ў дакумэнце.

Марын таксама адзначае, што ў справаздачны пэрыяд былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўводзяць дадатковыя абмежаваньні для дзейнасьці анлайн-СМІ. Акрамя таго, зафіксаваныя факты затрыманьня праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў, адмовы ў правядзеньні мірных сходаў, умяшаньня ў працу журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

Акрамя таго, гаворыцца ў дакумэнце, у справаздачны пэрыяд аднавіўся націск на незалежных журналістаў і СМІ.

У дакладзе таксама адзначаецца, што ўлады працягвалі штрафаваць журналістаў-фрылянсараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. У 2018 годзе было накладзена 118 штрафаў прыкладна на 48 тысяч даляраў.

Анаіс Марын таксама адзначае, што некаторыя групы (цыганы, ЛГБТ-супольнасьць, ВІЧ-інфікаваныя) працягваюць зьведваць у Беларусі дыскрымінацыю.

У дакладзе гаворыцца, што пэрыяды сур'ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі маюць цыклічны характар і супадаюць з буйнымі палітычнымі падзеямі, таму існуе рызыка павелічэньня выпадкаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з будучымі парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі.

На думку спэцдакладчыка, СПЧ павінен працягнуць маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Даклад зьмяшчае рэкамэндацыі ўладам Беларусі па паляпшэньні сытуацыі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт