Logo Polskiego Radia
Print

Хто і дзе гаворыць па-беларуску ў Латвіі

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 09.05.2019 10:02
  • 0509 Варшаўскі мост. М. Янковяк. Бел. мова ў Латвіі. Ч. 2.mp3
Кніга Мірослава Янковяка пра беларускія гаворкі Латвіі зацікавіць гісторыкаў і этнолягаў.
Прага, 7 траўня 2019 г. Мірослаў Янковяк са сваёй кнігай «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Praha 2018)Прага, 7 траўня 2019 г. Мірослаў Янковяк са сваёй кнігай «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Praha 2018)Фота: архіў Мірослава Янковяка

Польскі лінгвіст Мірослаў Янковяк дасьледуе беларускія дыялекты ў Латвіі. Але разам з тым запісвае апавяданьні тамтэйшых беларусаў, а таксама палякаў, латгальцаў, расейцаў, якія гавораць па-беларуску, пра сваё жыцьцё.

Мірослаў Янковяк у 2004 годзе пачынаў у Варшаве, а цяпер у Празе працягвае вывучаць беларускія гаворкі ў Латвіі. На самым усходнім ускрайку Латвіі, у яе гістарычным рэгіёне Латгалія, на граніцы зь Беларусьсю і Расеяй, у ваколіцах гарадоў Даўгаўпілс, Краслава, Індра, Посынэ, Зылупэ жывуць яшчэ апошнія носьбіты беларускай мовы.

Беларускія
Беларускія гаворкі на тэрыторыі Латвіі. 1903 г. Карта з кнігі Мірослава Янковяка «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Praha 2018)


Першая кніга Янковяка «Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim. Studium socjolingwistyczne» выйшла яшчэ ў 2009 годзе ў Варшаве. Затым двойчы ўбачыла сьвет па-беларуску ў Менску. А цяпер у Празе зьявілася праца пра ўсе куткі Латвіі, дзе гучыць беларуская мова — «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów».

У гэтай кнізе апрача лінгвістычнага дасьледаваньня публікуюцца фрагмэнты інтэрвію Мірослава Янковяка зь беларусамі Латвіі (Латгаліі) пра іх жыцьцё і самасьвядомасьць. Гэта каштоўныя матэрыялы, якія з часам набудуць яшчэ большую вартасьць. Бо яны фіксуюць стан сьвядомасьці і быт людзей, якія зьяўляюцца апошнімі носьбітамі аўтэнтычнай беларускай культуры ў рэгіёне.

Мірослаў Янковяк: У кнізе публікуюцца выбраныя тэксты з усёй тэрыторыі, якую дасьледаваў Яўхім Карскі ў 1903 годзе, а ў наш час я — ад Зылупэ на поўначы рэгіёна, дзе зафіксаваны беларускія дыялекты, да Ілукшты на поўдні. Гэтыя тэксты адлюстроўваюць захаванасьць сучасных беларускіх гаворак з усімі запазычаньнямі з суседніх моў. Тэматыка аповедаў інфармантаў вельмі шырокая: жыцьцё ў розныя гістарычныя пэрыяды (у часы міжваеннай Латвіі, Польшчы, Беларускай ССР, пэрыяд нямецкай акупацыі, савецкія часы пасьля 1945 года і сёньняшняе жыцьцё), праца на ральлі, працэс калектывізацыі і стварэньня калгасаў і саўгасаў, прычыны міграцыі ў Латвійскую ССР, штодзённае жыцьцё, розныя аспэкты духоўнай і матэрыяльнай культуры (рэлігія, сьвяты, выпечка хлеба, ткацтва і г.д.), а таксама моўная сытуацыя ў вёсцы. Прадстаўленыя тэксты ўяўляюць сабой цікавы матэрыял для беларусістаў і славістаў, балтыстаў — як мовазнаўцаў, так і гісторыкаў і этнолягаў.

Беларусы
Беларусы ў Латвіі. 2000 г. Карта з кнігі Мірослава Янковяка «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Praha 2018)

Мірослаў Янковяк адзначае, што ўласна беларусы на паўднёвым усходзе Латвіі ўпершыню фіксуюцца толькі зь сярэдзіны XIX ст., але гэта ня значыць, што раней іх тут не было. Аднак у XXI ст. носьбіты беларускіх дыялектаў дажываюць, мабыць, ужо апошнія гады.

Фрагмэнт
Фрагмэнт беларускага маўленьня жыхаркі паўднёва-ўсходняй Латвіі (Латгаліі). З кнігі Мірослава Янковяка «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Praha 2018)

Мірослаў Янковяк зрабіў назіраньні пра тое, якія гістарычныя пэрыяды найбольш паўплывалі на лёс беларускамоўных жыхароў паўднёва-ўсходняй Латвіі. І гэта перш за ўсё Другая сусьветная вайна і калектывізацыя, стварэньне калгасаў у 1940-я гады.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт