27 красавіка 2019 года споўніцца 90 гадоў з дня нараджэньня вядомага польскага гісторыка беларускага паходжаньня Юрыя Туронка. Ён жыў Варшаве. Ня стала дасьледчыка сёлета 2 студзеня.
Адной з галоўных тэм дасьледаваньняў Юрыя Туронка была сытуацыя ў Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны. Сёлета якраз адзначаецца 80-годзьдзе пачатку гэтай вайны.
Юрыю Туронку было дзесяць год, калі гітлераўская Нямеччына напала на Польшчу, а затым на Польшчу напаў Савецкі Саюз.
Юры Туронак жыў тады ў мястэчку Дукшты пад Вільняй. У траўні 1942 г. скончыў пачатковую школу ў Дукштах. У верасьні 1942 г. спрабаваў паступіць у гімназію ў Відзах, але яна так і не адкрылася. Пасьля гэтага паступіў у 1-ю віленскую гімназію.
Вайну Юры Туронак ведаў не па расказах, а быў яе відавочцам. Што паўплывала пазьней на выбар ваеннай тэматыкі дасьледаваньняў.
А ў верасьні 1945 г., ня скончыўшы гімназію, разам з маці, бабуляй, братамі Андрэем і Міхалам пераехаў у Польшчу — пад Беласток.
18 лютага 2019 г., Варшаўскі ўнівэрсытэт. Памятны вечар у гонар Юрыя Туронка. Зьлева ў першым радзе Лёнік Тарасэвіч, у другім — зьлева направа: удава Юрыя Туронка спадарыня Зінаіда і дачка спадарыня Натальля. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Мастак зь Беласточчыны Лёнік Тарасэвіч, які асабіста знаў Юрыя Туронка, сьведчыць пра гісторыка як пра чалавека, які перадаў наступным пакаленьням веды пра дзейнасьць беларускай інтэлігенцыі падчас Другой сусьветнай вайны і на эміграцыі. Гэта было асабліва актуальна ў пачатку 1980-х гадоў, пасьля ўвядзеньня ў ПНР ваеннага становішча.
Юры Туронак не ідэалізаваў нямецкую акупацыю, але паказваў, якое значэньне меў гэты пэрыяд у гісторыі Беларусі.
18 лютага 2019 г., Варшаўскі ўнівэрсытэт. Памятны вечар у гонар Юрыя Туронка. Алена Глагоўская (зьлева) дзеліцца ўспамінамі пра Юрыя Туронка. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Алена Глагоўская гаворыць пра Юрыя Туронка як пра чалавека, які быў вельмі ўважлівы да кожнага гістарычнага факта.
У Варшаве, пасьля Другой сусьветнай вайны, Юры Туронак скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі (1952). У 1950-1955 гадах працаваў у Імпартна-экспартным прадпрыемстве хімічных вырабаў, у 1956-1994 гадах — у Польскай зьнешнегандлёвай палаце, дасьледаваў кан’юнктуру міжнароднага хімічнага рынку.
Адначасова ўдзельнічаў у беларускім руху ў Польшчы. Зьяўлящся адным з арганізатараў і старшынёй праўленьня (1956-1966) Варшаўскага аддзела Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. У 1970-1975 гадах быў старшынёй навуковага гуртка БГКТ.
У 1986 годзе ў Варшаве Юры Туронак абараніў доктарскую дысэртацыю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Убачылі сьвет яго кнігі «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (1992, 2007).
18 лютага ў Варшаўскім унівэрсытэце адбыўся памятны вечар у гонар Юрыя Туронка, арганізаваны катэдрай міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ВУ. Таксама выйшаў прысьвечаны гісторыку спэцыяльны выпуск выданьня катэдры Przegląd Środkowo-Wschodni. Ініцыятар выданьня тома — намесьнік кіраўніка катэдры і намесьнік галоўнага рэдактара часопіса Юры Грыбоўскі. Яго ідэю падтрымала кіраўнік катэдры міжкультурных дасьледваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ВУ Яанна Гетка.
Бадай Przegląd Środkowo-Wschodni быў апошняй кнігай, якую трымаў і чытаў Юры Туронак. Ён пахаваны на праваслаўных могілках у раёне Воля ў Варшаве.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл