Logo Polskiego Radia
Print

"Трэба адкрыць свае сэрцы на дзеяньне Божай ласкі"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.04.2019 07:12
  • Кандрусевіч_віншаваньні.mp3
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў каталікоў зь Вялікаднем.
Арцыбіскуп Тадэвуш КандрусевічАрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевічradyjo.net/У.Пац

Глыбока паважаныя браты і сёстры,

Я сардэчна вітаю ўсіх Вас і віншую з радасным і збаўчым уваскрэсеньнем Езуса Хрыста, Сьвятам Пасхі.

Слова «пасха» паходзіць з габрэйскага слова «пэсах», што азначае «пераход, выйсьце». Габрэі і сёньня сьвяткуюць Пэсах – Пасху на ўспамін іх цудоўнага выйсьця з эгіпецкага рабства.

Езус Хрыстус вывеў чалавецтва з іншага рабства – з грахоўнага рабства. Хрысьціянства толькі ўзяло тую самую назву, і дало гэтай падзеі іншую трактоўку, менавіта, духоўную, бо самае галоўнае – гэта духоўная свабода чалавека. І да гэтай духоўнай свабоды чалавека вызваліў нас Езус Хрыстус і ён нам яе дае праз Касьцёл, праз сакраманты, праз сьвятое пісаньне, і г.д. Гэта вельмі вялікі дар, які атрымала чалавецтва.

Адначасова гэта таксама і заданьне, бо кожны з нас павінен пераходзіць з грахоўнага жыцьця да жыцьця ў Божай ласцы. Мы ўсе добра ведаем, што мы ўсе грэшнікі. Сьвяты Ян Апостал вельмі прыгожа кажа, што той, хто цьвердзіць, што ён без граху, на самой справе, ашуквае самога сябе. Нам трэба кожны дзень выходзіць з гэтага грахоўнага рабства. Гэта заданьне, якое ставіць перад намі сёньняшні дзень. Недастаткова толькі прыйсьці і асьвяціць яйкі.

Гэта вельмі добрая традыцыя – многа людзей у Вялікую суботу прыходзіць у нашыя касьцёлы. Праз тыдзень прыйдуць у цэрквы. Аднак гэта яшчэ за мала – трэба адкрыць свае сэрцы на дзеяньне Божай ласкі. Трэба з грэшнага чалавека стаць чалавекам сьвятым. Трэба быць падобным да марнатраўнага сына, які сказаў «Устану і пайду, пайду да майго нябеснага айца, а ён мяне не адкіне».

Я віншую ўсіх вас, дарагія Браты і Сёстры з гэтым радасным і збаўчым сьвятам. Віншую каталікоў, віншую таксама ўсіх тых, хто сёньня разам з намі адзначае нашае сьвята. Віншую нашых Братоў і Сясьцёр праваслаўных, якія праз тыдзень будуць адзначаць тое ж самае сьвята. Розьніца календароў, розьніца абрадаў – гэта не розьніца праўды веры, якую мы сёньня ўсе вызнаем разам. Віншую таксама ўсіх людзей добрай волі. Езус збавіў усё чалавецтва.

Радасных, поўных Божай ласкі і Хрыстовага супакою, Сьвята Уваскрасеньня Хрыста!

Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Ўваскрос!

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт