Не зносьце крыжоў!
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
14.04.2019 08:36
Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў уладу прыслухацца да грамадзтва.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш КандрусевічWłodzimierz Pac/Polskie Radio
Галава Каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў адказных за знос крыжоў у Курапатах спыніць «сьвятатацтва» і пры добраўпарадкаваньні ўрочышча ўлічваць меркаваньне грамадзтва.
Учора падчас «суботніка», у Курапатах у чарговы раз былі зьнесеныя крыжы. На месцы крыжоў высаджвалі дрэвы.
У звароце на сайце catholic.by арцыбіскуп канстатуе, што голас Касьцёла і Праваслаўнай Царквы, іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў, а таксама шматлікіх прадстаўнікоў грамадзтва становіцца голасам таго, хто кліча ў пустыні.
Ён нагадаў, што знос крыжоў адбываецца падчас Вялікага Посту. «Сьвятатацтва адбываецца напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую адзначаюць вернікі Каталіцкага Касьцёла. Мы радуемся атрыманай свабодзе веравызнаньня, аднак яна пазначана крыжам і духоўнымі цярпеньнямі, аб чым нагадвае гісторыя Курапатаў, дзе сёньня зносяцца крыжы, усталяваныя на месцы пахаваньня шматлікіх нявінна забітых». – лічыць мітрапаліт.
«Ніхто ня ставіць пад пытаньне таго, што тэрыторыя Курапатаў павінна быць добраўпарадкавана. Але пры гэтым неабходна ўлічваць меркаваньне грамадзтва і асабліва вернікаў, каб не дапусьціць зьнявагі Крыжа».
Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да адказных за знос крыжоў з заклікам: «Спыніце «крыжалом», каб шляхам дыялёгу з грамадзтвам і рэлігійнымі арганізацыямі вырашыць набалелую праблему і будаваць у нашай Бацькаўшчыне цывілізацыю міру і згоды».
Паводле Радыё «Свабода»/юл