Абаронцы Курапатаў заклікалі Лукашэнку вярнуць на месца крыжы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        11.04.2019 08:12
                    
                                 
                
                
                    Ініцыятарам звароту на імя кіраўніка дзяржавы выступіла грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька.
                
                
                    
                        
Курапаты Photo:Andrej Kuźniečyk/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0
                     
                
                
                
               
                
                          Абаронцы Курапатаў 10 красавіка перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца крыжы, якія былі дэмантаваныя 4—5 красавіка, і адкрыць архівы часоў сталінскіх рэпрэсій.
Ініцыятарам звароту на імя кіраўніка дзяржавы выступіла грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька, каардынатар ініцыятывы „За ўратаваньне мемарыяла „Курпаты”.
„Мы абураныя такімі адносінамі да Курапатаў і беларускага грамадзтва, — гаворыцца ў звароце да Лукашэнкі. — Вы адкрыта дазваляеце працу рэстарана „Паедзем паядзім” у ахоўнай зоне мэмарыяла, за 50 метраў ад месца забойстваў тысяч і тысяч беларусаў. Рэстарана, дзе наведвальнікі побач з чалавечым магільнікам п’янствуюць, забаўляюцца, смажаць шашлыкі, адзначаюць карпаратыўныя ссьвяты і г.д. Вы дазволілі існаваньне цалкам незаконнай пабудовы, у дачыненьні да якой Генпракуратурай было вынесена прадстаўленьне, якое так і не было выканана. Вам не кідаецца ў вочы дэманстратыўная рэкляма рэстарана побач з чалавечым магільнікам, вам кінуліся ў вочы крыжы, сьветлыя крыжы нашай памяці, нашых пачуцьцяў”.
Аўтары звароту таксама заклікаюць Лукашэнку прыняць канцэпцыю народнага мэмарыяла ій стварыць грамадзкую рабочую групу з удзелам людзей, якія шмат гадоў займаюцца тэмай Курапатаў. Як паведаміла Шапуцька, зварот абаронцы Курапатаў перадалі ў грамадзкую прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле яе слоў, іх „прынялі, выслухалі й зарэгістравалі зварот”. Актывісты ў ходзе перадачы звароту, расказала Шапуцька, заявілі кіраўніку грамадзкай прыёмнай, што „грамадзтва вельмі абуранае дзеяньнямі ўладаў” у Курапатах і „гэта ніяк не спрыяе адзінству грамадзтва, прытым што ў сёньняшніх умовах вельмі важна быць адзінымі”. Таксама актывісты выказалі надзею „на мірны дыялёг”.
belapan.by/racyja.com/аз