Logo Polskiego Radia
Print

Два ўраджэнцы Беларусі трапілі ў санкцыйны сьпіс Украіны

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.03.2019 10:02
У санкцыйны сьпіс за захоп украінскіх маракоў трапілі таксама два ўраджэнцы Беларусі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам зацьвердзіў рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць расейскіх кампаній, грамадзян Расеі й замежных краін, датычных да агрэсіі супраць Украіны, да ўдзелу ў будаўніцтве Керчанскага моста, а таксама да нападу й захопу ў палон 24 украінскіх маракоў у Керчанскай пратоцы летась 25 лістапада.

Усяго ў сьпіс трапілі 294 юрыдычныя і 848 фізычныя асобы, у тым ліку два ўраджэнцы Беларусі, датычныя да захопу ўкраінскіх маракоў і катэраў — Юры Арэхоўскі (1965 года нараджэньня) служыць на пасадзе намесьніка камандуючага па працы з асабовым складам Чарнаморскага флёту Расеі, а таксама Дзьмітры Чыжык (1979 года нараджэньня), які таксама служыць на Чарнаморскім флёце й пражывае ў Сэвастопалі.

Санкцыі, уведзеныя супраць іх на тры гады, прадугледжваюць блякаваньне актываў, фінансавых апэрацый і іншыя абмежаваньні іхных правоў.
У санкцыйны сьпіс таксама дадаткова ўключаны яшчэ адзін выхадзец з Беларусі, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ад фракцыі „Адзіная Расея” Дзьмітры Марозаў — ён нарадзіўся ў Менску ў 1971 годзе.

Санкцыі ўведзеныя і ў дачыненьні некалькіх замежных журналістаў — з Францыі, Турэччыны й Гішпаніі, які працавалі назіральнікамі на выбарах у часова акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт