Імпарт расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь скараціўся ў 100 разоў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.03.2019 08:12
Прычына такога падзеньня сталі новыя балянсы ўзаемных паставак нафты й нафтапрадуктаў.
Foto: pixabay.com/CC0
Паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту па выніках студзеня Беларусь імпартавала з Расеі ўсяго 3,6 тысячаў тон нафтапрадуктаў. Летась за аналягічны пэрыяд было імпартавана больш за 350 тысячаў тон.
Прычына такога падзеньня сталі новыя балянсы ўзаемных паставак нафты й нафтапрадуктаў, якія, у прыватнасьці, не прадугледжваюць ажыцьцяўленьня паставак бэнзіну, дызпаліва й мазуту. Раней Масква неаднаразова абвінавачвала Менск у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў. У выніку ў Крамлі вырашылі адмовіцца ад паставак прадукцыі з нафту ў нашу краіну.
Імпарт расейскай нафты ў студзені склаў 1,55 мільёнаў тон, што на 0,5 % ніжэй паказьнікаў мінулага году. Пры гэтым кошт імпарту скараціўся да 529 мільёнаў даляраў ЗША (89 % ад узроўню кошту за студзень 2018 году).
Істотна скараціўся й аб’ём беларускага экспарту нафтапрадуктаў – на 13,8 % да 1 мільёну тон. Пры гэтым у грашовым вымярэньні аб’ёмы паставак скараціліся на 14,9 % – да 482,4 мільёнаў даляраў ЗША. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі беларускай нафтаперапрацоўкі сталі Вялікая Брытанія, Нідэрлянды і Ўкраіна.
Аб’ёмы экспарту беларускай нафты захаваліся на ранейшым узроўні – 138 тысячаў тон, аднак аб’ём атрыманай ад экспарту выручкі насупраць, скараціліся – на 13,4 %, да 58,13 мільёнаў даляраў ЗША.
belsat.eu/аз