Пасла Польшчы выклікалі ў МЗС Беларусі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.03.2019 18:11
Амбасадар выкліканы для тлумачэньняў аб пераглядзе ацэнак дзеяньняў Рамуальда Райса „Бурага”.
Беларусь, сьцяг.Photo: Inactive account – ID 1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain
Беларускі бок чакае ад улад Польшчы публічных афіцыйных камэнтараў адносна перагляду ацэнак дзеяньняў добра вядомага беларусам палявога камандзіра Рамуальда Райса (Бурага). Аб гэтым заявіў БЕЛТА начальнік упраўленьня інфармацыі й лічбавай дыпляматыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Заява аб пераглядзе ацэнак дзеяньняў Рамуальда Райса была апублікавана на сайце Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. Адказваючы на пытаньне, як МЗС Беларусі мае намер рэагаваць на такія захады, прэс-сакратар сказаў:
„Злачынец, які асабіста аддаваў загады і ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, не можа быць абелены ні ў вачах беларусаў, ні ў гістарычнай памяці іншых разважных людзей. Польскімі вучонымі сабрана дастаткова доказаў яго злачынстваў. На аснове фактаў, а не тэарэтычных разважаньняў, зроблены адпаведныя вывады сьледзтва камісіі Інстытута нацыянальнай памяці ў 2005 годзе. Трэба мець сталасьць і сьмеласьць, каб гэта прызнаць”.
„Нашу асаблівую заклапочанасьць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх „дасьледчыкаў”, на вывады якіх абапіраецца заява Інстытута нацыянальнай памяці. У прыватнасьці, у яго апраўданьне яны канстатуюць, што Буры меў магчымасьць „спаліць ня пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляскі”, - падкрэсьліў Анатоль Глаз.
„Мы чакаем ад улад Польшчы публічных афіцыйных камэнтараў адносна таго, ці зьяўляецца такая ацэнка дзеяньняў Бурага афіцыйным пунктам гледжаньня й наколькі гэта суадносіцца з захадамі па выбудоўваньні дыялёгу, у тым ліку гістарычнага, якія былі зроблены бакамі апошнім часам. Для дачы адпаведных тлумачэньняў у МЗС выкліканы пасол Польшчы”, - дадаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.
belta.by/аз