Камітэт дзяржаўнай бясьпекі праводзіць праверку распаўсюджанай Службай бясьпекі Ўкраіны інфармацыі пра ўдзел беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншаземных дзяржаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.
Паводле яго, праверка праводзіцца ў адпаведнасьці з законам „Пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць”. Зьвесткі пра хаду праверкі ня могуць быць абнародаваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам пра дзяржаўныя сакрэты.
„Мы праводзім неабходныя апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Пакуль гэта ўся інфармацыя”, — сказаў Яраш.
Раней СБУ абнародавала зьвесткі пра беларусаў, якія ваююць у складзе так званай ваеннай кампаніі Вагнэра, якую зьвязваюць з набліжаным да расейскага прэзыдэнта бізнэсоўцам і рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным (яго называюць „кухар Пуціна”). Прыватная ваенная кампанія атрымала сваю назву ад пазыўнога, які выбраў яе кіраўнік, падпалкоўнік запасу Дзьмітры Уткін. Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, найміты бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Сырыі, Судане і іншых краінах.
Летась у ліпені Кіеў паведаміў, што ў складзе ПВК Вагнэра ў Сырыі ваююць 11 беларусаў. Шасьцёра зь іх удзельнічалі ў наступе ў правінцыі Дэйр-Эз-Зор, падчас якога шмат наступоўцаў былі забітыя, у тым ліку Руслан Бабінін, Канстанцін Гірс, Эдвард Давыдаў, Сяргей Сазанаў, Аляксандар Ступніцкі і Вадзім Юшкевіч.
Пазьней СБУ на запыт тэлеканалу „Белсат” назвала астатніх наймітаў: Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі, Вадзім Кліментавіч Васілеўскі, Андрэй Бакуновіч, Сяргей Кузьняцоў і Вадзім Курыненка.
Сёлета ў студзені ўкраінскія спэцслужбы абнародавалі зьвесткі пра двух беларусаў, якія ваявалі ў складзе ПВК Вагнэра ў Судане й іншых афрыканскіх краінах. Сярод іх - зноў Аляксандар Ступніцкі, а таксама Аляксей Бярговін.
„Сьледчымі органаў бясьпекі згаданым грамадзянам Беларусі паведамленьне пра падазрэньне не ўручалася. Служба бясьпекі Ўкраіны на сталай аснове ў рамках адпаведных міжведамасных і міжурадавых пагадненьняў інфармуе спэцслужбы іншых краін што да ўдзелу іхніх грамадзянаў у незаконных узброеных фармаваньнях”, - паведамілі БелаПАН у СБУ.
belapan.by/svaboda.org/аз