Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве палякі пачнуць атрымліваць новыя ID-карткі з чыпам

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.03.2019 17:12
Ідэнтыфікацыйная картка дае магчымасьць электроннай рэгістрацыі ў дзяржустанове, шпіталі альбо ў аэрапорце.
ID-картка грамадзяніна Польшчы новага ўзору ID-картка грамадзяніна Польшчы новага ўзору фота: Міністэрства лічбавых тэхналёгій Польшчы

Gazeta Wyborcza паведамляе пра тое, што неўзабаве палякі пачнуць атрымліваць новыя ID-карткі (dowód osobisty). Зь сёньняшняга дня кожны грамадзянін, які падасьць дакумэнты на выдачу ідэнтыфікацыйнай плястыкавай карткі, атрымае дакумэнт новага ўзору з убудаваным чыпам.

Міністэрства лічбавых тэхналёгій Польшчы паведаміла, што сёлета ў амаль 1,5 млн палякаў закончыцца тэрмін дзеяньня ID-картак. На днях ведамства паінфармавала, што ў дзяржаўных установах завяршылася тэставаньне электронных сыстэм, якія кампатыбільныя з новымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі, а празь некалькі дзён закончыцца падрыхтоўка службовых асоб.

У чым заключаецца новаўвядзеньне ID-картак? Напрыклад, грамадзянін, прыйшоўшы ў дзяржаўную ўстанову, зможа прыкласьці картку да спэцыяльнага датчыка, а ў чыноўніка на экране кампутара зьявяцца дадзеныя ўладальніка дакумэнта. А набраўшы ўнікальны для кожнага карыстальніка ПІН-код можна электронна «падпісаць» дакумэнт. З часам такія функцыі будуць даступныя ня толькі ў дзяржаўных установах, але і ў шпіталях, падчас рэгістрацыі на рэйс у аэрапортах і іншых грамадзкіх месцах.

Ідэнтыфікацыйная картка выдаецца бясплатна, тэрмін яе дзеяньня складае 10 гадоў. Да 2029 году дазваляецца выкарыстаньне старых ідэнтыфікацыйных картак бяз чыпа, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт