Logo Polskiego Radia
Print

Юры Туронак усё жыцьцё прысьвяціў Беларусі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.02.2019 12:49
  • 0220 Ю.Туронак - вечар памяці ў ВУ.mp3
У Варшаўскім унівэрсытэце адбыўся вечар памяці Юрыя Туронка.

26 красавіка 2019 года, паводле энцыкляпэдычных зьвестак, споўніцца 90 гадоў з дня нараджэньня вядомага польскага гісторыка беларускага паходжаньня Юрыя Туронка. Ён жыў Варшаве. Ня стала дасьледчыка 2 студзеня.

18 лютага катэдра міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта разам з грамадзкай арганізацыяй «Беларуская нацыянальная памяць» на вул. Добрай, 55 у польскай сталіцы арганізавала вечар памяці Юрыя Туронка. На яго прыйшла ўдава — спадарыня Зінаіда і дзьве дачкі гісторыка — Натальля і Ганна, кіраўнікі катэдры Яанна Гетка і яе намесьнік Юры Грыбоўскі. А таксама госьці: беларусы, палякі.

Зьлева
Зьлева направа: Ю. Грыбоўскі, В. Швед, А. Глагоўская. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Дзякуючы ініцыятыве і арганізацыйным намаганьням Юрыя Грыбоўскага і Яанны Геткі ўбачыў сьвет прысьвечаны Туронку спэцыяльны выпуск навуковага гадавіка Przegląd Środkowo-Wschodni. Яго прэзэнтацыя адбылася падчас вечара, а ўсе жадаючыя маглі атрымаць выданьне бясплатна.

Вёў вечар прафэсар катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Вячаслаў Швед, які першай даў слова спадарыні Зінаідзе Туронак.

З.
З. Туронак з мэдалём ад Рады БНР для Ю. Туронка. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Зінаіда Туронак: Юры Туронак усё жыцьцё прысьвяціў Беларусі. Ён стварыў беларускую сям’ю. Дома ў нас заўсёды гаварылі па-беларуску — і дзеці, і ўнук.

Юры Туронак пражыў большую частку жыцьця і памёр, пахаваны ў Варшаве, на праваслаўных могілках у раёне Воля. А нарадзіўся ён у каталіцкай сям’і, у Літве — на той яе частцы, што да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы. Пра невядомыя факты зь біяграфіі Юрыя Туронка расказала яго сяброўка, гісторык Алена Глагоўская.

Алена Глагоўская: Юрка Туронак не нарадзіўся 26 красавіка, як сьцьвярджаецца ў энцыкляпэдыях. Ён нарадзіўся 27 красавіка. І ня ў Дукштах, а ў Вільні.

У Дукштах, дзе ён жыў з бацькам Браніславам, бываў мастак Пётра Сергіевіч, які напісаў алоўкам партрэт шасьцігадовага Юркі.

Блізкім сябрам Юрыя Туронка і яго сям’і быў вядомы польскі мастак родам з Гарадка (Грудка) — мястэчка пад Беластокам — беларус Лёнік Тарасэвіч. Ён расказаў пра тое, як Юры Туронак прышчапляў маладому пакаленьню беларусаў Польшчы веды пра мінуўшчыну Беларусі, дапамагаў наладзіць кантакты зь беларусамі ў ЗША і Вялікабрытаніі.

Зьлева
Зьлева Л. Тарасэвіч, справа З. Туронак. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Лёнік Тарасэвіч: Для нас, беларусаў Беласточчыны, у 1980-1990-я гады Юрка Туронак быў адным зь пяцярых беларускіх «князёў», якія перадалі нам беларускую сьвядомасьць. Сярод іх былі таксама Юрка Геніюш, Юрка Латышонак, Янка Жамойцін, Сакрат Яновіч.

Сваімі ўспамінамі пра Юрыя Туронка падзяліўся Юры Грыбоўскі. Ён адзначыў ролю варшаўскага гісторыка ў сваім навуковым жыцьці, а таксама расказаў пра сувязі Юрыя Туронка з дасьледчыкамі зь іншых краін, у тым ліку з блізкай Туронку Літвой.

Юры Грыбоўскі: Спадар Юры дамагаў беларускім гісторыкам. Але ён дапамагаў і гісторыкам зь іншых краін. Мой добры знаёмы зь Літвы гісторык і журналіст Дангірас Мачуліс здымаў фільм пра сям’ю Іваноўскіх. І калі зьвярнуўся да Юрыя Туронка, то той перайшоў зь ім на літоўскую мову. Што такое зь літоўцам размаўляць на яго роднай мове? Пасьля гэтага літовец, кажучы па-польску, da się pokroić za ciebie.

Юры Туронак — прыклад для ўсіх нас. Мала быць добрым дасьледчыкам. Трэба яшчэ быць Чалавекам. І спадар Юры быў такім — звычайным, вельмі добрым, добразычлівым чалавекам.

Удзельнікі
Удзельнікі памятнага вечара ў гонар Ю. Туронка. У першым радзе зьлева направа: дачка Ю. Туронка Натальля, удава Зінаіда, дачка Ганна, Віктар Корбут, у другім радзе: Мажэна Грыбоўская, Яанна Гетка, Алена Глагоўская і інш. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

На вечары памяці Юрыя Туронка яго ўдава Зінаіда Туронак атрымала мэдаль для Юрыя Туронка — у гонар стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго прысвоіла гісторыку Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР. Адпаведная пастанова была прынята 24 сьнежня 2018 года, але ўладальнік не пасьпеў атрымаць узнагароду асабіста.

Мэдаль
Мэдаль Рады БНР да 100-годзьдзя БНР для Ю. Туронка, уручаны З. Туронак. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Гісторыка няма сярод нас, але жывуць яго нашчадкі — сярод якіх ня толькі сваякі, але і вучоныя, якія працягваюць дасьледаваць тэмы, якія пачынаў распрацоўваць некалькі дзесяцігодзьдзяў таму Юры Туронак.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт