Logo Polskiego Radia
Print

Польская паліцыя купляе спорткары, каб даганяць парушальнікаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.02.2019 18:04
Парамэтры: поўны прывад, бэнзінавы рухавік мінімум 2 л і магутнасьцю 245 конскіх сіл, скрынка-аўтамат, разгон з нуля да 100 км/г - менш чым за 7 сэкунд.
Alfa Romeo Giulia Veloce Alfa Romeo Giulia Veloce фота: кампанія Alfa Romeo

Эканамічны партал Forsal.pl паведамляе, што польскае МУС плянуе закупіць 31 спорткар, якія трапяць на службу ў дарожную паліцыю. Гэта будуць хуткія машыны без апазнавальных знакаў, аснаджаныя пярэднім і заднім відэарэгістратарам, асноўная мэта якіх – лавіць злосных парушальнікаў ПДД, асабліва хуткаснага рэжыму. Цяпер у дарожнай паліцыі служыць 361 аўтамабіль без апазнавальных знакаў, прычым ня ўсе аўто можна назваць хуткімі. Акрамя таго, паліцыя аб’явіла тэндэр на пакупку 51 машыны ў паліцэйскай ліўрэі й 82 картачных тэрміналаў, пры дапамозе якіх можна будзе аплаціць штраф на месцы.

Калі казаць пра аўто без апазнавальных знакаў, то ўмовы тэндэру наступныя: машына павінна быць поўнапрывадным сэданам, мець бэнзінавы рухавік аб’ёмам прынамсі 2 л і мінімальнай магутнасьцю 245 конскіх сіл, аўтаматычную скрынку перадач і разганяцца з нуля да 100 км/г менш чым за 7 сэкунд.

Спэцыялісты праглядзелі ўмовы тэндэру й склалі сьпіс аўтамабіляў, якія падыдуць польскай дарожнай паліцыі. І так, гэта Alfa Romeo Giulia Veloce, Audi A4 2.0 TFSI/252 KM quattro і Volkswagen Passat. Якую мадэль выберуць польскія паліцэйскія, стане вядома пасьля 1-га сакавіка бягучага году, калі будзе закрыты тэндэр, паведамляе партал Forsal.pl.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт