Каля ста чалавек пікетавалі каля сядзібы польскага тэлебачаньня TVP
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
06.02.2019 09:40
Сабраныя пратэставалі супраць публікацыі здымкаў і імёнаў людзей, якія на вуліцы выказалі незадавальненьне працай грамадзкага тэлебачаньня.
Photo: IAR/Krystian Dobuszyński
Каля ста чалавек дэманстравалі ў аўторак вечарам каля сядзібы грамадзкага тэлебачаньня TVP Info на плошчы Паўстанцаў (Pl. Powstańców) у Варшаве. Паводле сабраных, гэта быў спантанны сход супраць публікацыі здымкаў, прозьвішчаў і месца працы ўдзельнікаў суботняга пратэсту на гэтым жа месцы. Удзельнікі суботняга пратэсту выказалі незадавальненьне працай грамадзкага тэлебачаньня.
Сабраныя выкрыквалі «TVP ілжэ», «Тэлебачаньне хлусіць» і «Канстытуцыя».
Падчас пікета зьбіраліся подпісы на звароце да прэм’ера Матэвуша Маравецкага й міністра культуры Пётра Гліньскага (Piotr Gliński).
Сярод патрабаваньняў, зьмешчаных у звароце, адстаўка старшыні грамадзкага тэлебачаньня Яцэка Курскага і кіраўнікоў, адказных за інфармацыйныя праграмы, як «Навіны», «Госьць Навін», «Студыя Польшча» і інш.
Раней заяву падпісалі вядомыя апазыцыйныя палітыкі і актывісты, між іншым, Уладыслаў Фрасынюк, Зьбігнеў Янас і сэнатар Богдан Барусэвіч.
Нагадаем, падчас суботняга пікета каля TVP Info ў цэнтры Варшавы звыш дзясятка чалавек не дазвалялі ад’ехаць журналістцы тэлебачаньня Магдалене Агурэк (Magdalena Ogórek). У яе бок пасыпаліся словы: «Сорам», «Прадажная лгунка». На машыну Агурэк пікетоўцы наклейвалі запісаныя карткі. Ад'ехаць з паркінга журналістцы дапамагла паліцыя.
У панядзелак у галоўным выпуску вячэрніх «Навін» TVP паказала здымкі й прозьвішчы асоб, якія прынялі ўдзел у суботнім пікеце.
яс