Logo Polskiego Radia
Print

Магдалена Радзівіл падтрымлівала беларусаў да прыходу бальшавікоў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 24.01.2019 10:08
  • 0124 Варшаўскі мост - В. Хурсік - М. Радзівіл. Ч. 2.mp3
Магдалена Радзівіл выдаткоўвала прыбыткі ад маёнткаў у Беларусі на падтрымку беларускага руху.
Вокладка кнігі В. Хурсіка «Vale!»
Вокладка кнігі В. Хурсіка «Vale!» Фота: facebook.com/Khursik

Вядомая мэцэнатка беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. Магдалена Радзівіл, нарэшце, дачакалася першай біяграфіі. Яе апублікаваў — пад назвай «Vale!» — вядомы ў Беларусі выдавец, журналіст Віктар Хурсік.

Мэцэнатка Магдалена Радзівіл валодала маёнткамі ў Беларусі і ў пачатку ХХ ст. разьмяркоўвала частку прыбытку ад сваіх уладаньняў на падтрымку беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў.

В.
В. Хурсік. Фота: facebook.com/Khursik

Віктар Хурсік: Праект адраджэньня Краю, як дзяржаўнага ўтварэньня, уключаў стварэньне раўнапраўных саюзных Беларусі і Літвы. Таму Магдалена, у радаводзе якой былі і літоўскія карані роду Кежгайлаў, лічыла абавязкам дапамагаць фінансава і літоўцам. Канкрэтныя сумы і прыклады гэтай дапамогі прыводзяцца ў маёй кнізе. Але яны не былі такімі маштабнымі, як на беларускую справу. Дый самі літоўцы былі больш зьяднаныя. Беларуская газэта “Наша ніва” зьвярталася да сваіх чытачоў з просьбай больш размаўляць на роднай мове. Літоўцаў да гэтага не было патрэбы заклікаць. У літоўцаў, дый у палякаў іншы мэнталітэт. Яны паважліва ставяцца да дасягненьняў чалавека, паважаюць заможных, мужных людзей. Увесь час існаваньня гэта дапамагала ім адстойваць незалежнасьць.

А паглядзіце, з чаго пачыналася наша адраджэньне ў пачатку ХХ стагодзьдзя? З удзелу беларусаў у расейскім сацыял-дэмакратычным руху. А ён прадугледжваў сацыяльную роўнасьць, зьнішчэньне багатых! Беларусы імкнуліся ліквідаваць тое нямногае, што магло іх выцягнуць з багны!

Чаму не рэалізавалася БНР? А таму, што грошай не было. Казны не было. На час абвяшчэньня БНР беларускія абшарнікі былі адрынуты і знаходзіліся разам са сваімі капіталамі за мяжой. На стале ў Менску ляжала Устаўная грамата жабракоў…

Дарэчы, Магдалена да апошняга часу падтрымлівала БНР. Але страціўшы свае маёнткі, якія апынуліся пад бальшавікамі, яе магчымасьці сталі мізэрнымі.

У 1919 годзе яна зноў апынулася ў Польшчы, дзе ёй пагражалі і, у рэшце рэшт, зьбілі...

Магдалена зьехала з Варшавы і рэшту свайго жыцьця пражыла ўдалечыні ад Беларусі і Польшчы.

Сёньня Беларусь мае ўсе атрыбуты дзяржаўнасьці, але мы не прайшлі яшчэ шлях, які прайшлі нашы суседзі. Некаторыя складальнікі нацыянальнага мэнталітэту па-ранейшаму перашкаджаюць руху да канчатковай незалежнасьці.

І таму такая важная цяпер нацыянальная еднасьць і самаахвярнасьць, якія дэманстравала Магдалена Радзівіл.

Што сёньня сьведчыць у Менску, горадзе, дзе жыла Магдалена Радзівіл, пра гэтага чалавека?

Віктар Хурсік: Продкі Магдалены Радзівіл з Завішаў кіравалі Менскам і Менскім ваяводзтвам, пра што ў Менску няма ніякіх згадак. Касьцёл і кляштар дамініканцаў, які быў узьведзены па іх фундацыі, быў зруйнаваны ў 1950 годзе.

Прыяжджаючы ў Менск, Магдалена спынялася ў гатэлі “Эўропа”, пазьней набыла ўласныя апартамэнты зь сямі пакояў у доме банкіра Эмануіла Абрампальскага на вул. Захараўскай, 33 (цяпер Савецкая, 17), побач з касьцёлам Сьв. Сымона і Алены. Зразумела, што на гэтых будынках павінны зьявіцца памятныя дошкі. Мо варта было б назваць у яе гонар прыгожы новы праспэкт у беларускай сталіцы.

Дзіўна, але ў Менску ёсьць помнік карове, а вось Магдалена Радзівіл такога гонару не заслужыла...

Чакае манумэнтальнага ўвекавечваньня яе прысутнасьць у былым маёнтку Жорнаўка. Яна жыла там стала пасьля шлюбу з Радзівілам з 1906 да 1914 года. Вядома ж, павінен быць адноўлены палаца-паркавы ансамбль Завішаў у пасёлку Першамайскі, былых Кухцічах Узьдзенскага раёна, дзе яна таксама пэрыядычна бывала і дзе замураваны бальшавікамі прах яе мужа.

Мэмарыяльныя дошкі маглі б быць устаноўлены і ў Варшаве: на алеі “Салідарнасьці”, 62, дзе яна нарадзілася і расла, на вул. Фоксаль, 3 — у г. зв. палацы Валоўскага, які яна набыла ў 1900 годзе, дзе жыла і арганізоўвала сустрэчы беларускіх аднадумцаў.

Што Вас натхніла ўзяцца за дасьледаваньне біяграфіі Магдалены Радзівіл?

Віктар Хурсік: Калі я пачынаў займацца дасьледаваньнем лёсу Магдалены Радзівіл, у Беларусі пра яе ведалі толькі асобныя знаўцы гісторыі. Я ж нарадзіўся ў яе былым маёнтку і прайсьці міма яго ўладальніцы ня мог. У 2001 годзе зьявілася мая першая кніжачка пра Магдалену, пазьней я прысьвяціў ёй шмат газэтных публікацый. Потым зразумеў, што яна — маё жыцьцёвае наканаваньне.

Я ўдзячны многім беларускім гісторыкам, якія дапамагалі ў пошуках і, вядома ж, польскім вучоным: доктару Алегу Латышонку з Беластока, доктару Янушу Пэзду зь бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве.

Найбольшы ж мой паклон — родным Магдалены Радзівіл: яе праўнуку, вядомаму польскаму пісьменьніку і гісторыку Адаму Замойскаму і яго сястры Марыі Хэлене Замойскай. Дзякуючы ім я адчуў запатрабаванасьць сваёй працы, яны служылі мне духоўнай апорай у напісаньні кнігі.

Гераіня маёй кнігі бачыла, як паступова магутнела Польшча. Магчыма, яна б дажыла тут апошнія дні. Але, пазбаўленая ўрадам Пілсудскага такой магчымасьці, яна памерла ў выгнаньні, памерла зь верай, што некалі стане магутнай і яе незалежная Беларусь. “Vale!” —“Бывайце!” — гэта яе разьвітальныя словы. Так названа і мая кніга пра Магдалену Радзівіл.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт