Logo Polskiego Radia
Print

Вызначаны катэдральны сабор Праваслаўнай царквы Ўкраіны

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 17.12.2018 08:02
Галоўным храмам Праваслаўнай царквы Ўкраіны абвешчаны кіеўскі сабор Сьвятога Міхала Арханёла.
Мітрапаліт Эпіфаній правёў 16 сьнежня першае набажэнства ў кіеўскім саборы Сьвятога Міхала АрханёлаМітрапаліт Эпіфаній правёў 16 сьнежня першае набажэнства ў кіеўскім саборы Сьвятога Міхала АрханёлаФота: EPA/SERGEY DOLZHENKO

Галоўным храмам Праваслаўнай царквы Ўкраіны абвешчаны кіеўскі сабор Сьвятога Міхала Арханёла. Пра гэта паведаміў новаабраны кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Епіфаній.

Мітрапаліт Епіфаній правёў 16 сьнежня ў саборы Сьвятога Міхала Арханёла першае набажэнства.

У Кіеве 15 сьнежня ў Сафійскім саборы адбыўся сабор, на якім была створана Праваслаўная царква Ўкраіны, а яе кіраўніком абраны мітрапаліт Епіфаній, цяпер — епіскап Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата (сьвецкае імя Сяргей Думенка). Ён павінен будзе прыбыць у Стамбул, дзе ў рамках спэцыяльнай працэдуры, якая прадугледжвае сумеснае богаслужэньне з Сусьветным Патрыярхам, атрымае томас — акт аб прызнанні ПЦУ, падпісаны членамі сынода Сусьветнага Патрыярхата.

На саборы 15 сьнежня ў Кіеве прысутнічаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Ён заявіў, што ПЦУ будзе «бяз Пуціна, без Кірыла, без малітвы за расейскія ўлады і расейскае войска, якое забівае украінцаў».

Адказваючы на пытаньне аб адносінах з герархамі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхата, мітрапаліт Епіфаній падкрэсьліў, што новая праваслаўная царква гатова іх прыняць у сваё ўлоньне. Паводле слоў мітрапаліта, герархі і вернікі УПЦ МП прыйдуць у новую праваслаўную царкву Ўкраіны і, дараваўшы адно аднаму, будуць удзельнічаць у сумесным будаўніцтве адзінай ўкраінскай праваслаўнай царквы.

вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт