26 красавіка 2019 года споўніцца 90 гадоў з дня нараджэньня вядомага польскага гісторыка беларускага паходжаньня Юрыя Туронка. Ён жыве ў Варшаве. І катэдра міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта, у сувязі з круглай датай у жыцьці дасьледчыка выдала спэцыяльны выпуск гадавіка Przegląd Środkowo-Wschodni.
Ідэя выдаць спэцыяльны том, прысьвечаны 90-годзьдзю Юрыя Туронка, зьявілася яшчэ летась ў намесьніка галоўнага рэдактара Przeglądu Środkowo-Wschodniego Юрыя Грыбоўскага. Яго прапанову падтрымала галоўны рэдактар часопіса, кіраўнік катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта Яанна Гэтка.
У прадмове да тома Юры Грыбоўскі тлумачыць, чым адметная постаць Юрыя Туронка ў гісторыі Польшчы і Беларусі: «Нягледзячы на тое, што свядомае жыццё юбіляра прайшло не ў Беларусі, ён захаваў адданасць беларускасці. Варта прыгадаць, што юбіляр з’яўляецца сынам Браніслава Туронка, студэнта віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя, дзеяча Беларускага студэнцкага саюза ва УСБ, удзельніка беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху ў міжваеннай Польшчы. Юнацтва Ю. Туронка прыпала на час вялікіх выпрабаванняў, якімі былі гады Другой сусветнай вайны. Сям’я Туронкаў тады жыла на беларуска-літоўскім памежжы – у Дукштах (цяпер Dūkštas, Ignalinos rajonas, Літва). Потым была адаптацыя ў новай пасляваеннай рэчаіснасці, якая адбывалася ўжо ва ўмовах камуністычнай Польшчы. Пасля заканчэння Гандлёвай акадэміі ў Шчэціне Ю. Туронак пераехаў у Варшаву, дзе атрымаў працу ў імпартна-экспартнай фірме хімічных вырабаў і адначасова выкладаў у Галоўнай школе планавання і статыстыкі. З 1956 года ажно да выхаду на пенсію працаваў у Польскай знешнегандлёвай палаце. Ён не застаўся ў баку ад тагачаснага культурнага жыцця польскіх беларусаў. Прозвішча юбіляра было вядома перш за ўсё ў сувязі з яго дзейнасцю ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве. Працяглы час ён быў кіраўніком Варшаўскага аддзела БГКТ. Дзякуючы яго намаганням пры аддзеле ў Варшаве быў створаны навуковы гурток. Больш за тое, Варшаўскі аддзел БГКТ прычыніўся да стварэння кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Першапачаткова лёс Ю. Туронка не быў звязаны з гістарычнай навукай. Першыя крокі як даследчык гісторыі Ю. Туронак пачаў рабіць у 1960-я гады, калі выйшлі яго працы, прысвечаныя беларусам у пасляваеннай Польшчы. Аднак юбіляр увайшоў у польскую гістарыяграфію перш за ўсё як аўтар першых грунтоўных прац па гісторыі нямецкай акупацыі, калабарацыі, беларуска-польскіх адносін у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Штуршком да вывучэння менавіта гэтага перыяду стала цікавасць да постаці Вацлава Іваноўскага, аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя. Праз прызму дзейнасці гэтага чалавека ў Менску ў 1941-1943 гадах Ю. Туронак пачаў вывучэнне праблематыкі, звязанай з нямецкай акупацыяй Беларусі. Плёнам гэтага стала абарона ў 1986 годзе кандыдацкай дысертацыі. Сапраўдны розгалас у навуковым асяроддзі выклікалі яго працы „Białoruś pod okupacją niemiecką” (Вроцлаў, 1989) i „Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Варшава, 1992). Пры дапамозе гэтых прац многія даследчыкі здолелі адкрыць для сябе новыя, «несавецкія» старонкі беларускай гісторыі. Ю. Туронак увайшоў у гістарыяграфію як даследчык польскі і беларускі адначасова, а вынік яго працы належыць гістарычнай навуцы па абодва бакі Буга. Невыпадкова, што часам яго называюць польска-беларускім гісторыкам.
Не будзе перабольшаннем, калі сказаць, што цяпер аніводнаму саліднаму вучонаму, які займаецца гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, польска-беларускіх узаемаадносін або нямецкай акупацыі Беларусі, цяжка абмінуць працы спадара Юрыя. Яго працы, нават тыя, якія выйшлі даўно, дасюль не страцілі сваёй актуальнасці і працягваюць выконваць ролю своеасаблівых праваднікоў для тых, хто даследуе складаную гісторыю Беларусі ХХ стагоддзя».
Юры Туронак. Фота: commons.wikimedia.org/Bladyniec/Domena publiczna
Як адзначае Юры Грыбоўскі, у том Przeglądu Środkowo-Wschodniego, прысьвечаны Юрыю Туронку, увайшлі артыкулы многіх аўтараў, якія выхаваліся на працах варшаўскага гісторыка.
Адзначым найбольш цікавыя тэмы, якія асьвятляюць у сваіх публікацыях аўтары Przeglądu Środkowo-Wschodniego.
Аляксандар Смалянчук піша пра спробу дэлегатаў зь Беларусі, накіраваных у красавіку 1917 года ў Петраград, дамовіцца з Часовым урадам аб наданьні Беларусі статусу аўтаноміі ў складзе Расеі.
Уладзімір Ляхоўскі і Андрэй Чарнякевіч аналізуюць наступны пэрыяд гісторыі — інфармацыйна-выдавецкую дзейнасьць Рады і ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918–1925 гадах.
Аляксандар Горны прысьвяціў артыкул такой цікавай зьяве, як «Беларуская санацыя» ў Польшчы — грамадзка-палітычнай плыні, што існавала ў беларускім нацыянальным руху ў 1928–1937 гг. і была зьвязана зь дзейнасьцю Радаслава Астроўскага, а таксама Антона Луцкевіча.
Андрэй Буча раскрывае розныя аспэкты дзейнасьці беларускіх прасавецкіх арганізацый y Чэхаславакіі ў 1920-я гады.
Юры Бачышча і Андрэй Унучак разглядаюць спробы беларусізацыі пратэстанцкай царквы ў Заходняй Беларусі, а таксама ролю пратэстанцкіх пастараў у распаўсюджваньні Слова Божага на беларускай мове на тэрыторыі даваеннай Польшчы.
Мажэна Гжыбоўска пагартала беларускі рэлігійны пэрыядычны друк 1945-1951 гадоў, што выходзіў у Германіі, і раскрыла падрабязнасьці спрэчак, якія вялі паміж сабой прадстаўнікі розных канфэсій.
Юры Грыбоўскi грунтоўна вывучыў і адлюстраваў у сваім артыкуле дзейнасьць Беларускага аб’яднаньня ў Генэральнай акрузе «Латвія» ў 1941–1944 гадах. Гэта арганізацыя дзейнічала на чале зь вядомым беларускім грамадзка-палітычным дзеячам Канстанцінам Езавітавым. Чытачы даведаюцца многа новага пра яго жыцьцё і справы.
З публікацыі Віктара Корбута вы даведаецеся, якія будынкі ў Менску памятаюць пэрыяд з 23 чэрвеня 1941 да 23 ліпеня 1944 года, калі на сталіцу Беларусі ўпалі першыя і апошнія нямецкія бомбы.
Варта прысьвяціць час рэцэнзіі Сяргея Новікава, які паказаў, што дагэтуль няма дакладных зьвестак пра тое, колькі людзей загінула ў нацысцкім лягеры ля вёскі Малы Трасьцянец пад Менскам 1942–1944 гадах.
Таксама ў Przeglądzie Środkowo-Wschodnim публікуецца гістарычны рэпартаж Юрыя Туронка «Зьменлівыя колеры Ліпска» — пра мясцовасьць на ўсходзе Польшчы, на граніцы зь Беларусьсю. Гэты тэкст чакаў публікацыі некалькі дзесяцігодзьдзяў
Натальля Гардзіенка падрыхтавала агляд дакумэнтаў, якія ў розны час перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры i мастацтва Юры Туронак.
Як адзначае Юры Грыбоўскі, выдадзены да 90-годзьдзя Юрыя Туронка том Przeglądu Środkowo-Wschodniego зьяўляецца «формай удзячнасці за шматгадовую і плённую працу на гістарычнай ніве, шчырай падзякай даследчыку, імя якога назаўсёды запісана ў аналы беларусістыкі».
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл