У Варшаву, на кірмаш гістарычнай кнігі, які праходзіў у канцы лістапада — пачатку сьнежня, прыяжджала зь Менску вядомы шэф-кухар, знаўца беларускай і славянскай кухні Алена Мікульчык. Завітала яна і ў беларускую студыю Польскага радыё.
Алена Мікульчык дасьледуе кулінарныя традыцыі продкаў беларусаў. І хаця яна нарадзілася ў Менску, частку рэцэптаў атрымала ад продкаў, якія жылі ў вёсцы, па лініі маці — у Гомельскай вобласьці.
Натуральна, беларускія кулінарныя традыцыі паходзяць ня толькі зь сялянскіх хат, але і з шляхецкіх двароў. І іх так многа, што сабраць, апрацаваць, здавалася б, не пад сілу аднаму чалавеку. Як Алена Мікульчык прыйшла да ідэі заняцца вывучэньнем старажытных кулінарных традыцый? Гэта быў незвычайны шлях. Пачыналася ўсё з вучобы на кухара.
А потым... Алена Мікульчык зразумела, што трэба дбаць не толькі пра страўінк, але і пра стан (талію).
Алена Мікульчык, вывучаючы беларускія кулінарныя традыцыі, высьветліла, што продкі ведалі, у які час што есьці. І таму яна не паўнее, едучы беларускія стравы. Бо, кажа, усяму свой час. Напрыклад, дранікі трэба есьці на сьняданьне.
Увогуле ж, варта адмовіцца ад смажанага, тым больш увечары. Гэта — не ў беларускай традыцыі.
Яшчэ Алена Мікульчык заўважыла, што беларуская кухня здаравейшая, менш калярыйная, напрыклад, у параўнаньні з расейскай.
Мала сабраць, дасьледаваць старажытныя рэцэпты. Хаця гэта Алена Мікульчык робіць плённа. Яна піша і выдае кнігі з практычнымі парадамі. Цяпер рыхтуецца шостая, якая выйдзе ў 2019 годзе.
У Варшаве на кніжным кірмашы Алена Мікульчык прэзэнтавала паштоўкі з рэцэптамі беларускіх страў часоў вайны 1812 года, калі частка шляхты Беларусі, Польшчы і Літвы падтрымала Напалеона. З паштовак вы даведаецеся, як прыгатаваць паводле рэцэпта 1812 года бігас або шарлёт у сучасных умовах. Усё гэта ўмее Алена Мікульчык. І ахвотна дзеліцца з публікай.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл
Алена Мікульчык каля будынка Польскага радыё. Фота: facebook.com/belarusian.cuisine.expert