Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародныя арганізацыі асуджаюць сьмяротныя кары ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.11.2018 09:01
Прымяненьне Беларусьсю сьмяротнага пакараньня асудзілі ПАРЭ, Генсакратар Рады Эўропы, Amnesty International.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain CC0

Міжнародныя арганізацыі асудзілі два новыя сьмяротных пакараньні ў Беларусі – Сямёна Беражнога й Ігара Гершанкова, пра якія стала вядома 27 і 28 лістапада праваабарончаму цэнтру „Вясна”.

Так, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) асудзіла ў чарговы раз прымяненьне Беларусьсю сьмяротнага пакараньня. З адпаведнай заявай выступілі спэцдакладчык па адмене сьмяротнага пакараньня Іў Круштан і старшыня камітэта па палітычных пытаньнях Рыя Амэн-Руйтэн.

„Сьмяротнае пакараньне - жорсткае й бесчалавечнае пакараньне, якое больш непрымальна ў Эўропе. Акрамя таго, сакрэтнасьць, якая суправаджае пакараньне ў Беларусі, зьяўляецца асабліва сумнай практыкай, што наносіць моцныя псыхалягічныя пакуты сем'ям асуджаных”, – гаворыцца ў заяве.

Круштан і Амэн-Руйтэн падкрэсьлілі, што пакараньня былі ажыцьцёўлены, нягледзячы на тое што Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргі асуджаных і прасіў беларускія ўлады не прыводзіць прысуды ў выкананьне.

„Гэтыя пакараньні тым больш расчароўваюць, што нашыя апошнія абмеркаваньні зь беларускімі ўладамі пытаньня магчымай адмены сьмяротнай кары былі даволі канструктыўнымі(…) Мы зноў заклікаем беларускія ўлады прыняць усе неабходныя меры для спыненьня прымяненьня сьмяротнага пакараньня й неадкладнага ўвядзеньня мараторыя”, – гаворыцца ў заяве.

З афіцыйным камэнтарам наконт прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выступіла прэс-служба Генэральнага сакратара Рады Эўропы:

„Сьмерць – гэта не правасудзьдзе. Сьмяротнае пакараньне не мае даказанага стрымліваючага ўплыву на крымінагенную сытуацыю ў якой-небудзь частцы сьвету. Мы зноў заклікаем улады ўвесьці мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў якасьці першага кроку да яго адмены”, - паведаміла прэс-служба Генэральнага сакратара Рады Эўропы.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International таксама асуджае прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Дырэктарка арганізацыі па Ўсходняй Эўропе й Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс адзначае:

„Мы былі ўражаныя, пачуўшы гэтую навіну. Літаральна некалькі тыдняў таму мы былі зь візытам у Беларусі, дзе абмяркоўвалі з уладамі іх магчымыя крокі да адмены сьмяротнага пакараньня”- нагадала Мары Стразэрс.

spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт