Logo Polskiego Radia
Print

Пачаўся падрыхтоўчы этап будаўніцтва каналу праз Балтыйскую касу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.10.2018 17:09
Такім чынам Польшча скарачае шлях з Калінінградзкага заліву ў Балтыйскае мора і становіцца незалежнай ад Расеі.
Плян каналу на Балтыйскай касеПлян каналу на Балтыйскай касеМатэрыялы Міністэрства марской гаспадаркі

Канал на Балтыйскай касе будзе служыць спрашчэньню марскога шляху з горада Эльблёнг (Elbląg) праз Калінінградзкі заліў (Zalew Wiślany) у Балтыйскае мора.

Сёньня ў мясцовасьці Новы Сьвят на Балтыйскай касе сымбалічна распачалася капаньне каналу. Першую лапату зямлі выкапаў старшыня кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі і міністар марской гаспадаркі й рачнога флёту Марэк Грубарчык.

М.Грубарчык: Сёньня ў нас надзвычай важны дзень – мы закапалі апошні разьдзяляючы знак, які вызначае канал праз Балтыйскую касу. Мы яшчэ чакаем дазвол на будаўніцтва і тэндэр на выканаўцу. Праект будаўніцтва каналу завершаны ўжо поўнасьцю. Мы дакладна ведаем, якім будзе гэты канал, вызначылі ў якім месцы ён пройдзе.

Інвэстар (Марскі інстытут) чакае дакумэнту, які пацьвердзіць, што інвэстыцыя не пагражае навакольнаму асяродзьдзю. Затым на аснове спэцыяльнага закону будзе выдадзены дазвол на ажыцьцяўленьне інвэстыцыі.

Выбар галоўнага выканаўцы будзе азначаць, што фактычна пачнуцца будаўнічыя работы. У цяперашні час на месцы будучага каналу праводзяцца геалягічныя і геадэзійныя дасьледаваньні. Гэта падрыхтоўчы этап будаўніцтва.

Супраць выступае Расея.

У верасьні Масква зьвярнулася да Эўрапейскай камісіі са скаргай, што інвэстыцыя пагражае навакольнаму асяродзьдзю. Польскае Міністэрства марской гаспадаркі заяўляе, што з экалягічнага пункту гледжаньня канал поўнасьцю бясьпечны, а закіды Расеі беспадстаўныя.

Канал будзе мець 1300 мэтраў даўжыні, 5 мэтраў глыбіні. Дзякуючы гэтай інвэстыцыі з Балтыйскага мора ў Эльблёнг змогуць заходзіць судны даўжынёю да 100 мэтраў, шырынёю ў 20 мэтраў і глыбінёй 4 мэтры.

У цяперашні час шлях з Эльблёнга на адкрытае Балтыйскае мора вядзе толькі праз тэрытарыяльныя воды Расеі. Польскае судна кожны раз мусіць атрымаць ад Расеі дазвол.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт