Logo Polskiego Radia
Print

Толькі палова беларусаў чытае кнігі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.10.2018 09:02
Толькі 49% чытаюць мастацкую літаратуру, а яшчэ амаль столькі ж не чытаюць зусім.
Беларуская літаратураБеларуская літаратураЯраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Менш за палову беларусаў з рознай пэрыядычнасьцю чытае мастацкую літаратуру, астатнія не дакранаюцца да кнігі ўвогуле. Зь беларускіх аўтараў часьцей называюць Караткевіча й Алексіевіч. Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі.

У ходзе маніторынгу было апытана 3,8 тыс. чалавек у 2016 годзе, распавёў навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялёгіі Кірыл Стаселька.

Аказалася, што толькі 49% чытаюць мастацкую літаратуру, а яшчэ амаль столькі ж не чытаюць зусім. Пры гэтым штодня адкрываюць кнігу каля 7% рэспандэнтаў, яшчэ 16% чытаюць адзін або некалькі разоў на тыдзень. Некалькі разоў у месяц – 10%, а радзей за адзін раз яшчэ 15%.

Калі ж казаць пра сучасную беларускую літаратуру, то да яе зьвяртаюцца 12% грамадзян. Яшчэ 57% прызналіся, што не чытаюць, а астатняя траціна не змагла адказаць на пытаньне.

Людзей таксама папрасілі назваць творы сучасных беларускіх аўтараў, якія яны чыталі за апошнія тры гады. Больш за 2% апытаных не згадала ані аднаго аўтара.
Тым ня менш атрымаўся наступны топ-5 пісьменьнікаў, чые творы называлі найчасьцей (і, дарэчы, ня ўсе з іх – сучасьнікі):

- Уладзімір Караткевіч (згадалі 1,3% ад усіх апытаных)

- Сьвятлана Алексіевіч (1,2%)

- Васіль Быкаў (0,7%)

- Іван Мележ (0,4%)

- Натальля Батракова (0,4%).

Калі ж казаць пра пэрыядычнасьць, то штодня чытаюць беларускіх аўтараў 0,5% з усіх рэспандэнтаў. Яшчэ 2% чытаюць па адным або некалькі разоў на тыдзень. 2,7% зьвяртаюцца да сваёй кнігі пару разоў у месяц, а яшчэ больш за 7% – нават ня кожны месяц.

tut.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт