Logo Polskiego Radia
Print

Расейская кампанія з офісам у Менску трапіла пад новыя санкцыі ЗША

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.09.2018 09:03
Згодна з дакумэнтам, разьмешчаным на сайце Фэдэральнага рэестру ЗША, меры ўступяць у сілу 26 верасьня.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства гандлю ЗША ўвяло санкцыі супраць 12 расейскіх кампаній, якія, як сьцьвярджаецца, шкодзяць амэрыканскім нацыянальным інтарэсам.

Арганізацыям з новага „чорнага сьпісу” будзе забаронена купляць любыя амэрыканскія тавары й тэхналёгіі, на якія распаўсюджваецца экспартны кантроль. У іх ліку — кампутарныя праграмы. Згодна з дакумэнтам, разьмешчаным на сайце Фэдэральнага рэестру ЗША, новыя меры ўступяць у сілу 26 верасьня.

За агрэсію ў кібэрпрасторы ўведзеныя меры супраць навукова-дасьледчага інстытуту „Вектор”, навукова-вытворчага прадпрыемства „Гамма”, фірмы „Сайрус Системс” і групы кампаній „Инфотекс”.

За пастаўкі абсталяваньня ў адрас вайскова-марскіх сіл Расеі пад санкцыі трапілі прадпрыемства падводных тэхналёгій „Океанос”, а таксама кампанія „Дайвтехносервис”.

За падтрымку расейскай вайсковай аэракасьмічнай галіны ў „чорны сьпіс” занесеныя прадпрыемствы „Аэрокомпозит” і „Технология”, канструктарскае бюро „Авиадвигатель”, карпарацыя „Системы прецизионного приборостроения” і навукова-дасьледчы інстытут „Вега”.

За матэрыяльную дапамогу іранскай ракетнай праграме пад санкцыі трапіла група кампаній Nilco Group, якая мае офісы ў Маскве, Менску й Тэгеране.

svaboda.org/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт