„Моладзь БНФ” менш чым праз год зьмяніла свайго старшыню
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.09.2018 08:17
Ранейшы старшыня арганізацыі, 18-гадовая Ганна Сьмілевіч, працавала на гэтай пасадзе менш за год.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Kaz/pixabay.com/CC0 Public Domain
Рада „Моладзі БНФ” (маладзёжнае крыло Партыі БНФ) 25 верасьня абрала новага старшыню. Ім стаў Дзяніс Мандзік з Барысава, які атрымаў 67% галасоў, апярэдзіўшы Максіма Бондара (Горадня) і Ягора Сергіенку (Менск).
Намесьнікам старшыні арганізацыі стала Лізавета Шумякова з Магілёва.
„Найбліжэйшым часам рада павінна арганізаваць кангрэс „Моладзі БНФ” (раней зьезд), на які зьбяруцца прадстаўнікі ўсіх структур „Моладзі БНФ”, каб абмеркаваць і прыняць новую стратэгію й плян разьвіцьця арганізацыі”, — адзначаецца ў заяве арганізацыі.
Перад новым кіраўніцтвам стаіць задача стварэньня новых рэгіянальных структур, павелічэньня колькасьці актывістаў, іх палітычнай адукацыі.
Ранейшы старшыня арганізацыі, 18-гадовая Ганна Сьмілевіч, працавала на гэтай пасадзе менш за год — з 24 сьнежня 2017 году. У студзені 2018 году яна была адлічаная з другога курса Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта з-за няздачы экзаменаў.
„Калі шчыра, мне вось многія цяпер кажуць, маўляў, што гэта з-за палітыкі, але сама я не зусім згодная. Не выключаю, што мая прысутнасьць у МБНФ накладае нейкі адбітак, але ў той жа час я й шчырая сама з сабой — я была гатовая да сэсіі не на ўсе сто працэнтаў”, - заявіла тады Сьмілевіч ў інтэрнэт-газэце БелаПАН Naviny.by.
belapan.by/аз