Logo Polskiego Radia
Print

«Транснефть» абяцае Беларусі ў 2019 годзе 18 млн тон нафты

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.09.2018 09:12
Зараз прадстаўнікі Беларусі й Расеі абмяркоўваюць балянс паставак расейскай нафты й нафтапрадуктаў на будучы год.
ілюстрацыйны здымакілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Расейская кампанія «Транснефть» абяцае захаваць у 2019 годзе аб'ём нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, на ўзроўні гэтага года – 18 мільёнаў тон. Пляны па абʼёмах паставак нафты ў Беларусь у наступным годзе агучыў віцэ-прэзыдэнт расейскай кампаніі Сяргей Андронаў, пра што паведамілі расейскія СМІ.

Сяргей Андронаў адзначыў, што у 2019 годзе яны плянуюць паставіць у Беларусь па трубаправодзе 18 млн тон нафты, як і ў гэтым годзе. Паводле яго слоў, у 2018 годзе пастаўкі нафтапрадуктаў па трубе чакаюцца на ўзроўні 140 тыс. тон, заяўка на 2019 год – 180 тыс. тон.

Згодна зь міжурадавай дамовай, Расея пастаўляе ў Беларусь 24 млн тон нафты ў год, зь якіх 18 млн тон выкарыстоўваюцца для ўнутранага спажываньня й перапрацоўкі.

Зараз прадстаўнікі Беларусі й Расеі абмяркоўваюць балянс паставак расейскай нафты й нафтапрадуктаў на будучы год. На мінулым тыдні расейскі міністар энэргетыкі Аляксандр Новак заявіў аб немэтазгоднасьці экспарту нафтапрадуктаў у Беларусь. Паводле яго слоў, у гэтым няма сэнсу, паколькі рэспубліка цалкам забясьпечвае сябе ўласнымі нафтапрадуктамі за кошт перапрацоўкі расейскай нафты.

Неўзабаве пасьля гэтага прагучала інфармацыя пра тое, што расейцы могуць моцна зьменшыць абʼём нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь. У сваю чаргу беларускі віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка адзначыў, што Беларусь будзе настойваць на захаваньні ранейшых абʼёмаў паставак расейскіх нафтапрадуктаў: ​​«Ніякіх рэзкасьцяў, нам патрэбна стабільнасьць».

тэлеграф/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт